viasna on patreon

На Магілёўскім хлебзаводзе №4 з кожным бунтаром індывідуальна будзе працаваць ідэолаг

2012 2012-03-14T12:06:32+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/idealohija.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

А адміністрацыя прадпрыемства патрабуе абвяржэння “хлуслівай” інфармацыі ў інтэрнэце. У адваротным выпадку кіраўніца “Магілёўхлебпрамам” Наталля Падлесных пагражае судовай справай аўтарам артыкулаў.

Пра гэта паведамляюць рабочыя прадпрыемства, якія прысутнічалі на агульным сходзе, які адбыўся 12 сакавіка ў актавай зале хлебзавода. На сходзе прысутнічала брыгада рабочых у колькасці каля 30 чалавек і амаль усё кіраўніцтва прадпрыемства.

Нагадаем, што пасля таго, як рабочыя хлебзавода пачалі збіраць подпісы з патрабаваннем да адміністрацыі прадпрыемства павысіць ім заробкі – начальства пачало пераследаваць рабочых – яно псіхалагічна ціснула на іх і пагражала непрацягненнем працоўных кантрактаў. Каб расставіць усе кропкі над “і” дырэкцыя пайшла на правядзенне агульнага сходу, дзе стала вядом аб тым, што тарыфная стаўка ў рабочых будзе павышана на 10% ад 1 сакавіка.

“Кіраўніцтва падчас сходу шукала зачыншыка збору подпісаў і публікацый ў інтэрнэце. Яно не меней за пяць разоў патрабавала, каб гэты зачыншык устаў, на яго паглядзеў увесь калектыў і асудзіў за тое, што ён падарваў імідж прадпрыемства і на ўсю краіну яго абгадзіў. Паводле нашага начальства, у нас на хлебзаводзе ўсё добра. А з кожным рабочым у індывідуальным парадку цяпер будзе працаваць адказны за ідэалогію спадар Драздоў”, - гаворыць рабочая хлебзавода.

“Генеральная дырэктарка прадпрыемства Наталля Падлесных будзе шукаць аўтараў “хлуслівых” публікацый з мэтай прыцягнуць іх да суду. Паводле словаў адміністрацыі аўтар публікацый працуе на заходнія спецслужбы, мэтай якіх з’яўляецца дыскрэдытацыя Беларусі, а работніцы прадпрыемства, не ведаючы пра гэта, па-бабскі расплакаліся і расказалі яму пра ўсе свае праблемы. Дырэктарка абуралася, чаму да яе не прыйшлі рабочыя і не пагаварылі. Усё можна было вырашыць і па-ціхаму”, - працягвае свой расповед жанчына.

“Рабочыя нашы далёка не дурныя. У мінулым годзе ўзбунтаваліся вадзіцелі грузавікоў, якія развозілі прадукцыю па гандлёвых кропках. У іх быў нізкі заробак. Яны хадзілі да спадарыні Падлесных і не прасілі, а патрабавалі павышэння заробку. Вынікам стала тое, што ўсіх хадакоў звольнілі, а гэта каля 10 чалавек. Таму, ведаючы, што дырэктарка карыстаецца такімі метадамі, мы не пайшлі ўжо па вядомаму сцэнару”, - гаворыць рабочая.

Акрамя гэтага, супрацоўніца прадпрыемства паведамляе, што ўсю брыгаду прымусілі ў актавай зале падпісацца пад тым, што ўся інфармацыя, якая размешчана ў інтэрнэце, -- хлусня. Усе рабочыя, не жадаючы губляць працу, падпісаліся пад гэтым, аднак усе засталіся пры сваіх думках аб стане рэчаў на прадпрыемстве.

“У нас няма герояў і салідарнасць адсутнічае. Усе падпісалі гэтую паперку, каб не вылучацца і не цярпець пераследу за сваю ініцыятыву. Якім чынам з намі будзе працаваць ідэолаг, невядома – мы ўжо пагаворваем між сабой пра метады НКВД”, - адзначае жанчына.

“Тым часам за часамі спадарыні Падлесных, якая кіруе “Магілёўхлебпрамам” наш хлебзавод, нягледзячы на мадэрнізацыю вытворчасці, пачаў тануць. Мы ўсе ў крэдытах. Калі два гады таму былі заробкі па 900 тысячаў рублёў, то з яе прыходам яны скаціліся да 500 і выраслі толькі зараз. Мы разумеем цяжкасць сітуацыі, але чаму тады начальства адмаўляецца яе разумець?”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства