viasna on patreon

Вольга Завадская: Я дачакаюся праўды аб сыне

2012 2012-03-15T22:08:10+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/v_zavadskaja1.jpg
Вольга Завадская.

Вольга Завадская.

Споўнілася 10 год, як вынесены прысуд па справе аб знікненні тэлеаператара Дзмітрыя Завадскага.

Хаця ў абвінавачанні былым супрацоўнікам спецслужбаў Валеру Ігнатовічу і Максіму Маліку, а таксама Аляксею Гузу і Сяргею Саўшкіну інкрымінавалася больш за 20 злачынных эпізодаў, але за працэсам замацавалася назва "справа Завадскага". Ігнатовіч і Малік былі прызнаныя вінаватымі ў выкраданні Завадскага. Але за 10 хутка праляцеўшых гадоў праўда аб лёсе журналіста так і не стала вядомай - распавяла маці зніклага аператара Вольга Завадская ў гутарцы з карэспандэнтам "Радыё Рацыя". 

РР: Мінула дзесяць год з моманту сканчэння суду па справе знікнення Дзмітрыя Завадскага. Што Вы тады адчувалі? Ці былі ў Вас нейкія надзеі сустрэцца з Дзмітрыем? Што зараз адчуваеце і думаеце аб гэтай справе?

Вольга Завадская: Адчувала тады надзею. Як магла, змагалася. Мне шмат дапамагалі і журналісты, і адвакаты, і юрысты, і праваабаронцы. Я ім бясконца ўдзячная за тую працу, якую яны рабілі, да і зараз робяць. Што змянілася за 10 год? У душы – пустата. Таму што ўсе этапы, якія прайшла наша сям’я і па судах, і па юрыдычных кансультацыях, усё гэта не дало ніякіх вынікаў. І зараз ніхто не можа адказаць на адзінае пытанне – што ўсё ж такі рабілася за гэтыя 10 год для пошукаў Дзмітрыя? Таму што ўсе нашы звароты ў пракуратуру канчаюцца адказамі, якія нічога не каштуюць – адпісалаўкамі!

РР: А што адказваюць? Ці справа увогуле, можа быць, зачынена ўжо?

Вольга Завадская: Не, справа прыпынена. Але нам адказваюць, што справа працягваецца, праводзяцца нейкія следчыя мерапрыемствы. Але якія, невядома. І на гэтым адказы канчаюцца. Таму ў мяне адна надзея, і яна ў мяне не знікае – што я ўрэшце усё ж даведаюся праўду аб тым, што адбылося.

РР: А якія ў Вас версіі таго, што адбылося з Дзмітрыем? Вы прысутнічалі на судзе, слухалі довады, факты, сведчанні, якія назбірала следства. Якое ў Вас уражанне склалася, аб тым, што тады адбылося – 7 ліпеня 2000 году, калі Дзмітрый знік?

Вольга Завадская: Адно зразумела, што яго скралі. Другое, я вельмі шкадую, што справу Завадскага не выдзелілі ў асабістую вытворчасць. Слуханні праходзілі ў канве тых жахлівых злачынстваў, у якіх абвінавачвалася група Ігнатовіча. 

РР: Больш 20 злачынных эпізодаў было выстаўлена ў абвінавачванні Ігнатовічу і іншым.

Вольга Завадская: Так. Яны вельмі крывавыя і вельмі жорсткія. Былі эпізоды, якія ўваходзілі ў паралель з выкраданнем Дзмітрыя. Так, быў скрадзены нейкі Котаў, дырэктар аўтабазы, дзе працаваў бацька Ігнатовіча. У следчым працэсе маю ўвагу ўвесь час спрабавалі звярнуць на гэты эпізод, таму што чалавек знік, здаецца, па аналагічнай схеме, падобнай на тую, па якой знік мой сын Дзіма. Вінаваты ці не Ігнатовіч і Малік у выкраданні Дзмітрыя – складанае пытанне. Яны зараз асуджаны да пажыццёвага зняволення. Але заслугоўваюць гэтага, таму што на самой справе злачынцы. Такое ўражанне склалася ў мяне на судзе. Я не ведаю, што падштурхнула і каго да гэтага выкрадання Дзмітрыя. Таму што ён быў і на чачэнскай вайне, рабіў там нейкія здымкі. Дзе не прыйшоўся даспадобы мой сын і хто быў зацікаўлены ў тым, каб ён замоўк, невядома. Ці расійскі гэта бок, ці беларускі? Асабістая помста Ігнатовіча, які ваяваў у Чачні, і аб якія аднойчы Дзмітрый распавёў у адным сваім інтэрв'ю, але не называючы прозвішча. Цяжка сказаць, але мне абсалютна не верыцца, што гэта менавіта асабістая помста Ігнатовіча. Таму што, каб знішчыць Дзмітрыя, у яго былы шмат магчымасцяў. Літаральна як заўгодна і дзе заўгодна ў Мінску. І ніхто б пра гэта не ведаў. Так што цяжка сказаць, хто вінаваты. У мяне шмат думак. З імі вельмі цяжка жыць. Вельмі хочацца ведаць праўду. І, канешне ж, я не веру, што сённяшняя ўлада здолее адкрыць усе дакументы. Таму што вельмі цынічна жонцы скрадзенага палітыка Віктара Ганчара Зінаідзе сказалі, што пройдзе 50 год і вам усё распавядуць. Таму вельмі страшна думаць, што нават і наступная ўлада будзе хаваць гэтыя факты.

РР: Па справе ад выкраданні Завадскага былі асуджаны супрацоўнік спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам Максім Малік і былы супрацоўнік гэтага ж атраду і адзін з кіраўнікоў радыкальнай групоўкі "Русское национальное единство" Валерый Ігнатовіч. Але ў прысудзе было адзначана, што ў выкраданні ўдзельнічалі і іншыя, не выяўленыя следствам і судом людзі. Ці не з’явілася нейкіх фактаў ці здагадак, хто, па вашаму, гэта мог быць? 

Вольга Завадская: Для мяне гэта ўжо даўно не сакрэт. Адным з іх мог быць Аляксандр Леоненка, які на той момант служыў у Службе бяспекі прэзідэнта. Суседзі Дзмітрыя апазналі яго, быў складзены яго славесны партрэт, які адзін да аднаго быў падобны на яго фотаздымак. Але сведак запалохалі і яны пазней проста адмовіліся ад сваіх сведчанняў. А для мяне ўжо не сакрэт, што ён быў каля дома Дзмітрыя ў момант яго выкрадання. Таму што Дзмітрыя “вялі” ад самага дому. Гэта ўжо на сто адсоткаў устаноўлена судом і пацверджана сведкамі, якім я не схільная не верыць. Таму я пераканана, што Леоненка там прысутнічаў. Якую ролю ён выконваў і чый заказ, гэта пытанне. 

РР: Дзмітрый Завадскі некаторы час быў асабістым аператарам Лукашэнкі, а потым пайшоў на расійскі Першы канал, у тыя часы вельмі крытычна настроены да кіраўніка Беларусі. Можа быць, і з гэтым звязана яго выкраданне?

Вольга Завадская: Напачатку сваёй дзейнасці як тэлеаператар ён абслугоўваў мерапрыемствы прэзідэнта. Я не думаю, што гэта помста прэзідэнта. Хто такі Дзіма Завадскі ў кантэксце дзейнасці прэзідэнта...

РР: Вы не дачакаліся нейкіх словаў прабачэння ад Аляксандра Лукашэнкі за тое, што здарылася з Вашым сынам?  

Вольга Завадская: Ён, мабыць, лічыць сябе невінаватым з чалавечага пункту гледжання, таму і не збіраўся прабачацца. Хаця як прэзідэнт ён не раз казаў, што адказны за ўсё, што адбываецца ў краіне. Таму... Але Бог яму суддзя

У лістападзе 2003 годзе Дзмітрый Завадскі быў прызнаны судом Фрунзенскага раёну Мінску памерлым. Але Вольга Завадская насуперак усяму спадзяецца сустрэцца з сынам. “Гэта мая галоўная мара”, – кажа жанчына.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства