Апазіцыянер патрабуе беларускамоўных адказаў з райвыканкаму
Актывіст Кансэрватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Ян Дзяржаўцаў падаў скаргі ў аблвыканкам і ў пракуратуру на дзеянні чыноўніка, які парушыў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў”, што ўступіў у сілу 22 студзеня гэтага году.
Спадар Дзяржаўцаў падаваў заяўкі на пікеты ў Першамайскую раённую адміністрацыю. Адмовы ад намесніка старшыні Аляксандра Красакова былі напісаны па-руску, хаця артыкул 18 закону “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асобаў” вымагае ад чыноўнікаў напісання адказаў на той мове, на якой гэтыя звароты пададзеныя. Спадар Красакоў, які курыруе ідэалагічную працу, праігнараваў гэтае патрабаванне.
Ян Дзяржаўцаў просіць кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёну даць ацэнку дзеянням свайго падначаленага, і звяртае ўвагу пракуратуры на яўнае парушэнне законнасці і сваіх грамадзянскіх правоў. Парушэнне заканадаўства аб зваротах грамадзян, згодна з артыкулам 9.13 Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэннях, мусіць карацца штрафам памерам ад чатырох да дваццаці базавых велічынь.