Мінадукацыі: папярэджаньні ад рэктара “спрыяюць рэалізацыі права на адукацыю”
Аляксандр Салдаценка, адлічаны ў лютым з Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта за ўдзел у акцыях салідарнасьці з палітзняволенымі, атрымаў адказы з Міністэрства адукацыі і Пракуратуры Партызанскага раёну Менска на свае скаргі з нагоды неправамоцнага папярэджаньня, вынесенага рэктарам МДЛУ Натальляй Баранавай.
У адказе з Міністэрства адукацыі за подпісам першага намесьніка міністра Аляксандра Жука, цьвердзіцца, што накіраваньне афіцыйнага папярэджаньня было “мерай выхаваўчага характару” і спрыяла рэалізацыі “канстытуцыйнага права на атрыманьне адукацыі, а не перашкаджалі такой рэалізацыі”.
Паводле намесніка міністра “сьцьверджаньне, што дзейнасьці установы адукацыі павінна быць абмежавана выключна адукацыйнымі мэтамі, выкладзенае ў звароце, ня ёсьц законным і абгрунтаваным”.
“Мэтамі, задачамі і асноўнымі складнікамі выхаваньня навучэнецаў ва ўстановах вышэйшай адукацыі ёсьць грамадзянскае і патрыятычнае выхаваньне, ськіраванае на фармаваньне у навучэнца актыўнай грамадзянскай пазіцыі, патрыятызма, праўнай, палітычнай і інфармацыйнай культуры на грунце дзяржаўнай ідэалогіі”, - цьвердзіцца ў адказе з Міністэрства адукацыі.
Разам з тым, супрацоўнікі Пракуратуры Партызанскага раёну Менска не пагадзіліся з высновамі Міністэрства адукацыі. Бо ў адказе на зварот, накіраваны ў пракуратуру, Аляксандру Салдаценку паведамілі, што па выніках праверкі довады заяўніка знайшлі сваё пацьверджаньне, “у сувязі з чым па яе выніках пракуратурай раёну на адрас рэктарату Ўніверсітэта ўнесена прадстаўленьне аб ліквідацыі парушэньняў заканадаўства ў галіне прафілактыкі правапарушэньняў”.
Нагадаем, што ў лістападзе 2011 года рэктар МДЛУ Наталля Баранава вынесла Аляксандру Салдаценку, а таксама Мікіце Каваленку і Аляксандру Вялітчанку “афіцыйнае папярэджаньне аб недапушчальнасьці супрацьпраўных паводзінаў”, перавысіўшы тым самым свае службовыя паўнамоцтвы.
У далучаных файлах можна праглядзець копіі адказаў з Міністэрства адукацыі і Пракуратуры Партызанскага раёну Менска.