Суддзя Пятрова разгледзіць законнасць свайго ж прысуду?
Дзіўныя рэчы адбываюцца з адміністратыўнай справай жыхара Гародні Руслана Пяцько.
Нагадаем, што спадар Пяцько 10 лютага бягучага году быў пакараны судом Ленінскага раёну Гародні штрафам у 700 тысяч беларускіх рублёў нібыта за тое, што адмовіўся прайсці дактыласкапію, якую яго супрацоўнікі міліцыі хацелі змусіць зрабіць проста на яго працоўным месцы яшчэ 27-га снежня 2011 года. Прысуд вынесла суддзя Алена Пятрова.
Пасля гэтага Руслан Пяцько, нязгодны з такім рашэннем суду, падаў касацыйную скаргу ў Гарадзенскі абласны суд. Той чамусьці пераадрасаваў гэтую скаргу ў суд Ленінскага раёну. І вось днямі Пяцько атрымаў яшчэ адзін ліст з абласнога суду, у якім паведамляецца, што яго справа прызначана да разгляду суду касацыйнай інстанцыі на 27 сакавіка. Разглядацца яна будзе ў памяшканні Гарадзенскага абласнога суду суддзёй Аленай Пятровай.