Загад аб “недапушчэнні беларусіфікацыі” ў дзеянні
Падобна на тое, што нашумелы загад беларускім чыноўнікам не дапускаць беларусіфікацыі ўжо пачаў дзейнічаць у Салігорску.
Галоўны ідэолаг Салігорскага раёну М. І. Маскевіч не ўзгадніў просьбу мясцовай суполкі ТБМ аб правядзенні 5-й агульнанацыянальнай дыктоўкі на верш Максім Танка “Родная мова”, прысвечанай Міжнароднаму дню роднай мовы. Адмову ў правядзенні мерапрыемства, якое мусіла адбыцца 15 сакавіка ў адной з залаў Цэнтральнай бібліятэкі ці класе адной з гарадскіх школаў, чыноўнік у сваім пісьмовым адказе аніяк не матываваў.
- Толькі ў нашым горадзе і раёне гэтаму святу не прыдаецца значэння, бо занадта чыноўнічая вертыкаль заангажаваная страхам перад сваімі працаўладкавацелямі застацца без партфеля. Нашы памкненні правесці дыктоўкі ва ўстановах ці атрымаць памяшканне кшталту звычайнага класу ў школе для яе напісання натыкаюцца на грознае “Нельзя!” - сцвярджае старшыня Салігорскай арганізацыі ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны” Мікалай Шаравар. - Нам, сябрам ТБМ, ад грэблівых адносінаў чынавенства да роднай мовы становіцца вельмі сумна і застаецца толькі адно - туліцца ў 12-ці квадратах жылога памяшкання, каб напісаць дыктоўку.
Гэта ўжо не першая спроба салігорскага філіяла Таварыства беларускай мовы наладзіць супрацу з мясцовымі чыноўнікамі. Напрыканцы 2011 году сябры ТБМ ужо звярталіся да ўладаў з просьбаю правесці шэраг мерапрыемстваў у гарадскіх школах, але атрымалі адмову на той фармальнай падставе, што Статутам ТБМ нібыта не прадугледжана правядзенне працы ва ўстановах адукацыі. Ці варта нагадваць, што праўладныя БРСМ ды “Белая Русь” без аніякіх перашкодаў не толькі ладзяць свае мерапрыемствы ва ўстановах адукцыі, але і маюць там свае офісныя памяшканні.