24 верасьня на Кастрычніцкай плошчы адбыліся новыя затрыманьні
Як паведаміла прэс-служба МФ, 24 верасьня ўвечары на цэнтральнае плошчы г.Менску, якая была названая ў гонар нацыянальнага героя Беларусі, Кастуся Каліноўскага, адбылася невялікая, але вельмі значная па сваім зьмесьце акцыя.
Малады людзі ў 20.00 прыйшлі на пл.Каліноўскага і, усталяваўшы сьвечы Салідарнасьці, селі моўчкі на тым самым месцы, дзе 6 месяцаў таму знаходзілася намётавае мястэчка.
Пасьля некалькіх хвілінаў акцыя была разагнаная міліцыянтамі. Супрацоўнікі КДБ здымалі ўсё на відэа. Былі затрыманыя 8 чалавек, якіх пазьней адвезьлі ў Цэнтральны РУУС. Пасьля некалькіх гадзінаў "высьвятленьня асобаў" усе ўдзельнікі акцыі былі вызваленыя. Сярод затрыманых былі тры актывісты Маладога Фронту.
Акцыі Салідарнасьці з палітвязьнямі і зьніклымі палітыкамі зараз адбываюцца па ўсёй краіне. Гэтае мерапрыемства таксама зьвязанае з кампаніяй, якую распачаў Малады Фронт за вызваленьне свайго лідэра - Зьмітра Дашкевіча, аднаго з актыўных удзельнікаў намётавага лагеру, які зараз знаходзіцца ў следчым ізалятары на Валадарскага.
Трэба дадаць, што днямі ў Магілёве мясцовымі актывістамі была вывешана расьцяжка з лозунгам "Свабоду Дашкевічу!". Таксама перад будынкам магілёўскага КДБ зьявіліся надпісы "SS = КДБ" і "Свабоду Дашкевічу!".