Студэнты Гданьскага універсітэта патрабуюць уратаваць галадаючага Каваленку
Беларусы, што навучаюцца ў польсікім горадзе Гданьску, сабралі подпісы больш за 250 студэнтаў Гданьскага універсітэта пад зваротам да беларускіх уладаў з патрабаваннем уратаваць галадаючага Сяргея Каваленку.
У звароце, у прыватнасці, напісана:
“Мы, ніжэй падпісаныя студэнты Гданьскага універсітэта, заклікаем улады Рэспублікі Беларусь да безумоўнага накіравання Сяргея Каваленкі, асуджанага на два гады і адзін месяц пазбаўлення волі, у лякарню ў сувязі з галадоўкай, якую ён распачаў з моманту свайго арышту 19 снежня 2011 г., у сувязі са станам здароўя і пагрозай жыццю асуджанага. Акрамя таго патрабуем новага разгляду яго прысуду, паколькі лічым прысуд гэты палітычна матываваным. Сяргей Каваленка з’яўляецца вязнем сумлення.
Мы хочам нагадаць, што адным з прыярытэтаў міжнароднай палітыкі Рэспублікі Беларусь ёсць стварэнне станоўчага іміджу Беларусі ў свеце. Такі прысуд не толькі не спрыяе дасягненню дадзенай мэты, але і пагаршае існуючы стан рэчаў”.
У сераду 21 сакавіка студэнты-беларусы прыйшлі да Генеральнага Кансуляту РБ у Гданьску, каб перадаць падпісныя аркушы. Да ўдзельнікаў акцыі выйшаў генеральны консул Аляксей Швед, які адмовіўся прымаць зварот, спаўслаўшыся на адсутнасць у яго такіх паўнамоцтваў.
У выніку аркушы былі высланы заказным лістом на адрас беларускага консульства ў Гданьску.