viasna on patreon

Віцебск: і гарвыканкам і суд – супраць акцыяў на Дзень Волі

2012 2012-03-22T17:45:52+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/suddzia.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Суд Кастрычніцкага раёна адхіліў скаргу  віцебскіх актывістаў Хрыстафора Жаляпава, Аляксея Гаўруцікава і Яна Дзяржаўцава на адмову гарвыканкаму, які не дазволіў правесці 25 сакавіка ўрачыстае шэсце і сход на плошчы Свабоды.

Намеснік старшыні гарвыканкаму Уладзімір Шлома, які падпісаў адмову, на суд 20 сакавіка не з'явіўся. Замест яго ў працэсе бралі ўдзел юрыстка Святлана Рагажынская і намесніца начальніка аддзела ідэалогіі Віцебскага гарвыканкама Ірына Пучкова.

"Мы падавалі заяўку ў гарвыканкам, бо нашы мерапрыемствы былі запланаваныя на тэрыторыі розных раёнаў. Але нам адмовілі, напісаўшы, што пляцоўка каля культурна-дзелавога цэнтру "Марка-сіці" і плошча Свабоды не ўваходзяць у пералік месцаў, вызначаных раённымі адміністрацыямі. Мы гэта ведаем, але гэтыя месцы аддаленыя адно ад аднаго, а мы хацелі з нагоды свята зладзіць імпрэзы ў цэнтры гораду. Дарэчы, у рашэнні гарвыканкаму наконт гэтых вызначаных месцаў гаворыцца, што пытанні наконт імпрэзаў "у іншых месцах" вырашаюцца  "ў кожным канкрэтным выпадку" , - тлумачыць адзін з заяўнікоў, Аляксей Гаўруцікаў.

Але суд вырашыў, што не бачыць супярэчнасцяў у тым, што актывістам адмовілі. Бо суддзя пагадзілася з аргументамі Ірыны Пучковай, якая сказала, што "іншыя масавыя мерапрыемствы" – гэта "спартовыя, культурна-відовішчныя і  рэлігійныя" імпрэзы. Шэсце і сход не падпадаюць пад гэтыя катэгорыі.

Прадстаўніца гарвыканкама ў судзе Святлана Рагажынская заявіла ў спрэчках: "Як юрыст я ў захапленні ад вашай скаргі. Усё шыкоўна распісана ... Але калі гэта нарматыўна-прававы акт - вы павінны яго выконваць. І вам адмоўлена, каб не перакрываць цэнтральную артэрыю Віцебска, не ствараць перашкод для грамадзян Віцебска. Бо гэта шэсце! Сто чалавек. І вы проста не можаце несці за іх адказнасць".

Зрэшты, актывістам за апошнія паўтары гады не далі дазволу ні на адну імпрэзу – якая б там ні заяўлялася кольксць удзельнікаў. Аспрэчваць адмовы ў судах – гэта апошняе, што застаецца, бо чыноўнікі спасылаюцца на дужа супярэчлівае рашэнне гарвыканкаму. Так, гарвыканкам патрабуе, каб да заяўку былі прыкладзеныя дамовы з гарадскімі службамі (УУС, хуткая дапамога, ЖКГ), а апошнія, у сваю чаргу, адмаўляюць у заключэнні дамоваў, спасылаючыся на адсутнасць дазволу ўладаў.

"Гэтым разам гарадская цэнтральная паліклініка ў якасці прычыны адмовы спаслалася на тое, што шэсце будзе перашкаджаць дарожнаму руху.  Самым, мабыць, шчырым і прастадушным было тлумачэнне  прадстаўніка ЖКГ: "Мы б і так прыбралі гэтую тэрыторыю. Не дай бог не прыбярэм - мала не здасца". Але падпісаць дамову так і не пагадзіліся", - распавёў Аляксей Гаўруцікаў.

Тым не менш, Дзень Волі ў Віцебску хоць не так маштабна, як хацелася б, але ўсё ж адзначаць. У 13 гадзін 25 сакавіка ўсіх ахвотных запрашаюць сабрацца каля Уваскрасінскай царквы, каб супольна ўскласці кветкі да памятнай дошкі ў гонар Васіля Быкава і да помніка Уладзіміру Караткевічу.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства