viasna on patreon

Як адзначалі 25 Сакавіка ў рэгіёнах (фота)

2012 2012-03-25T19:21:11+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/slonim-25.03.12a.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Слонімцы ля мемарыяла кіраўніку паўстання 1830-1831 гадоў Міхалу Валовічу ў в.Парэччы

Слонімцы ля мемарыяла кіраўніку паўстання 1830-1831 гадоў Міхалу Валовічу ў в.Парэччы

Гарадзеншчына

 Актывісты Слоніма Дзень Волі правялі пад “аховай”

 Паколькі Слонімскі райвыканкам не дазволіў мітынг на 25 Сакавіка,  дэмакратычныя актывісты вырашылі адзначыць свята іншым чынам. Аб 11-ай гадзіне ў цэнтры горада, каля кінатэатра “Мір” , сабралася каля трыццаці чалавек і ўсе разам адтуль паехалі ў вёску Парэчча, дзе знаходзіцца мемарыяльны знак у гонар кіраўніка паўстання 1830-1831 гадоў Міхала Валовіча і яго паплечнікаў, якія загінулі падчас паўстання супраць Расейскай імперыі.

Каля памятнага месца слонімцаў чакалі белыя “Жыгулі” з нумарамі 3893САА з трыма мужчынамі, адзін з якіх здымаў на відэакамеру ўвесь мітынг, машыны і людзей. Праўда, з аўто невядомыя асобы выходзіць не пажадалі, хоць кіраўнік Слонімскай суполкі БХД Іван Бедка запрашаў іх далучыцца да святкавання.

Да мемарыяльнага знака Міхала Валовіча былі ўскладзены кветкі, а потым пачаўся мітынг. Выступілі кіраўнік Слонімскай суполкі БХД Іван Бедка, ад БНФ — Іван Шэга, ад свабодных прафсаюзаў горада — Віталь Яшану, ад кампаніі “Гавары праўду” - Віктар Марчык і іншыя. Выступоўцы павіншавалі ўсіх з вялікім беларускім святам, а Віталь Яшану адзначыў, што кожны кіраўнік Слонімскага райвыканкама паціху знішчае гістарычныя помнікі горада, у прыватнасці, пару гадоў таму быў знішчаны драўляны асабняк пачатку ХХ стагоддзя на Савецкай вуліцы. “Мясцовая вертыкаль нават гісторыю заснавання Слоніма зменшыла на 150 гадоў”, — дадаў Віталь Яшану.

З вёскі Парэчча слонімцы паехалі ў Альбярцін — былы маёнтак Пуслоўскіх, а цяпер мікрараён Слоніма, дзе на невялікім футбольным полі адбыўся міні-турнір па футболе, у якім прынялі ўдзел каманды дэмакратычных партый горада. Перамагла ў турніры футбольная каманда партыі БНФ. Белыя “Жыгулі” прыехалі і туды, невядомыя асобы дзяжурылі, пакуль не скончылася гульня. Але ніхто перашкаджаць слонімцам у святкаванні Дня Волі не стаў.

У актывіста са Смаргоні міліцыянт забраў сцяг з прыватнага падворка

Напярэдадні Дня Волі ў Смаргоні актывісты распаўсюдзілі некалькі соцень улётак, у якіх павіншавалі смаргонцаў са святам і нагадалі пра іх гістарычныя карані.

У святочны ж дзень 25 сакавіка 2012 г. мастак і грамадскі актывіст Валянцін Варанішча на грушы ў падворку свайго прыватнага дома вывесіў бел-чырвона- белы сцяг.

Як сведчыць жонка мастака Галіна, калі Валянцін адсутнічаў, да яго прыйшоў кіраўнік службы участковых міліцыянераў Смаргонскага РАУС Сінькоўскі, які  зняў сцяг і забраў з сабою. А ёй даручыў перадаць Валянціну, каб той ў панядзелак прыйшоў у міліцыю.

Калі Валянцін вярнуўся і даведаўся, што здарылася, вывесіў другі такі cамы сцяг і падрыхтаваў скаргу на дзеянні міліцыянера. Ён лічыць, што у дадзеным выпадку зняважаны яго нацыянальны гонар, парушана права прыватнай уласнасці і дапушчана самаўпраўнасць.

У Гародні міліцыя замінала святкаваць Дзень Волі

Святкаванне 25 сакавіка ў Гародні было адзначана некалькімі затрыманнямі. Перад пачаткам ускладання кветак на чыгуначным вакзале да шыльды паўстанцаў 1863 году быў затрыманы праваабаронца і публіцыст Уладзімір Хільмановіч. Ён прыехаў на вакзал з кветкамі і адразу на прыпынку без усялякіх падставаў быў схоплены міліцыянтамі ў цывільным. Хільмановіча завезлі ў пастарунак па вуліцы Гараднічанскай, дзе ўзялі тлумачэнні, пасля чаго адпусцілі.

Каля чыгуначнага вакзалу, калі грамадскія актывісты ўскладалі кветкі, міліцыя затрымала таксама сябра БСДГ Андрэя Ермашука, які прыехаў на аўтамабілі. Яго звінавацілі нібыта ў няправільнай паркоўцы машыны і аштрафавалі.

Тым часам два дзесяткі грамадска-палітычных актывістаў рушылі на Гараднічанскую вуліцу да аддзялення міліцыі. Калі Хільмановіча адпусцілі, удзельнікі святкавання падзяліліся на дзве групы і ўсклалі кветкі да шыльды паўстанцам Тадэвуша Касцюшкі на Новым замку і да дому, дзе ў часы БНР была беларуская вайсковая камендатура.

Гомельшчына

Народны сход у Гомелі — пад пільным наглядам міліцыі і невядомых у цывільным

25 сакавіка ў Гомелі на офісе АГП прайшла трэцяя сесія Народнага сходу, якая дала старт рэгіянальнай кампаніі «За справядлівыя выбары». Ужо да пачатку мерапрыемства на вуліцы Палескай, дзе размешчаны партыйны офіс, і прылягаючых завулках назіралася шмат міліцыянераў і «невядомых у цывільным», якія сядзелі ў аўто і здымалі мінакоў на відэакамеры. Па папярэдніх звестках, ніхто не быў затрыманы і міліцыя да людзей не чаплялася. Але міліцэйскі кардон ствараў своеасаблівы псіхалагічны бар’ер, бо людзі, не заангажаваныя ў палітыку, наўрад ці рызыкнулі б ісці праз кардоны, не ведаючы дакладна, пачнецца затым «хапун» ці не.

На трэцяй сесіі Народнага сходу прысутнічалі больш за 60 чалавек. Гаворка ішла пра будучыя парламенцкія выбары і неабходнасць шырокага ўдзелу ў іх незалежных назіральнікаў. Арганізатары мерапрыемства (кааліцыя АДС) распавялі, як зарэгістравацца назіральнікам, як сачыць за выбарчым працэсам, на што звяртаць увагу. Таксама ўдзельнікам сходу абяцалі, што пры наяўнасці жадаючых паўдзельнічаць у назіранні будзе арганізавана адмысловае навучанне і падрыхтавана метадычная літаратура.

Па выніках сходу была прынята рэзалюцыя, у якой пазначаны задачы на бліжэйшы час: даводзіць на ўсіх этапах выбарчай кампаніі адзінае пасланне грамадзянам Беларусі - пра неабходнасць дэмакратычных пераўтварэнняў, адсутнасць у краіне выбараў, праблему палітвязняў; арганізаваць шырокую кампанію «За справядлівыя выбары», прыцягнуць да ўдзелу ў ёй максімальна магчымую колькасць валанцёраў з мэтай змянення практыкі правядзення выбараў і дэлегітымацыі дзеючай аўтарытарнай улады.

Магілёўшчына

Пад Магілёвам залунаў велізарны бел-чырвона-белы сцяг

Палотнішча шэсць метраў шырынёй на тры даўжынёй было вывешана на трасе Е95 з боку Віцебска. Адказнасць за акцыю ўзялі на сябе актывісты “Нашага Магілёва”.

- Мы вывесілі сцяг у гонар чарговай гадавіны з моманту ўтварэння Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама прысвяцілі гэтую акцыю Сяргею Каваленку, які асуджаны за сцяг і абвесціў галадоўку ў зняволенні. Менавіта таму сцяг вывешаны з боку віцебскай дарогі, - распавёў удзельнік акцыі Алесь.

-  Гэта наш сапраўдны нацыянальны сімвал і рана ці позна ён стане дзяржаўным. Мы будзем рабіць усё, каб настаў гэты момант. Пакуль жа нас выратовалі ад пагоні хуткія ногі і поспех, без якога б мы былі б затрыманыя, - дадае яшчэ адзін актывіст Андрусь.

Трэба адзначыць, што газета “НАШ Магілёў” таксама абвесціла да Дня Волі спаборніцтвы ў гульне World of Тanks.

 

Каля памятнага месца слонімцаў чакалі белыя “Жыгулі” з нумарамі 3893САА
Іван Бедка запрашаў невядомых у цывільным далучыцца да святкавання
на невяМіні-турнір па футболе сярод камандаў дэмакратычных партый Слоніма
Пад Магілёвам залунаў велізарны бел-чырвона-белы сцяг. 25.03.2012
Ускладанне кветак на чыгуначным вакзале да шыльды паўстанцаў 1863 г.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства