viasna on patreon

Ніхто не хоча несці матэрыяльную адказнасць

2012 2012-03-27T16:54:09+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/niapomniashchyh.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Няпомняшчых

Уладзімір Няпомняшчых

Гомельская міліцыя не хоча адказваць за маральную шкоду, нанесеную Уладзіміру Няпомняшчых, і перакладвае адказнасць на іншыя структуры.

У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля 27 сакавіка працягнуўся разгляд грамадзянскай справы па іску Уладзіміра Няпомняшчых да Цэнтральнага РАУС. Супрацоўнікі дадзенага аддзелу 7 кастрычніка 2011 года затрымалі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання апазіцыянера, пенсіянера МУС Уладзіміра Няпомняшчых. 10 кастрычніка суд прызнаў яго вінаватым у парушэнні артыкулу 23.34 КаАП (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства) і пакараў штрафам. Каб «замацавацца» ў абвінавачванні, міліцыя склала таемна на затрыманага яшчэ адзін пратакол – за нібыта брудную лаянку, але затым суд спыніў адміністрацыйную справу «за недаказанасцю віны». Сутнасць справы была ў тым, што адзін міліцыянер сведчыў, што Уладзімір Няпомняшчых лаяўся матам, а калегі міліцыянера адмовіліся гэта пацвердзіць у судзе. Справа развалілася. А апазіцыянер паставіў пытанне: тады на якой падставе і за што ён правёў да трох сутак у ІЧУ? Ён звярнуўся ў суд, каб спагнаць з Цэнтральнага РАУС маральную шкоду ў памеры 9 мільёнаў рублёў. Заяўнік лічыць, што адвольнае ўтрыманне яго да суду пад арыштам да трох сутак зняважыла яго чалавечую годнасць, прымусіла на працягу доўгага перыяду часу адчуваць сваю безабароннасць перад усёдазволенасцю дзяржаўных органаў, усумніцца ў дзейснасці прынцыпу законнасці і справядлівасці. Ён упэўнены, што міліцыянты не мелі законнага права змяшчаць яго ў ІЧУ да суда, паколькі на той момант ён меў статус асобы, у адносінах да якой вядзецца адміністрацыйны працэс, а не асобы, якая здзейсніла правапарушэнне.

На першым паседжанні суда, 14 сакавіка, прысутнічаў адказчык – прадстаўнік аддзела ўнутраных спраў адміністрацыі Цэнтральнага раёна Уладзіслаў Шукель. Ён сцвярджаў, што РАУС не з'яўляецца юрыдычнай асобай, і не мае права распараджацца грашовымі сродкамі, і прапанаваў прызначыць адказчыкам УУС, а таксама Міністэрства фінансаў, якое і распараджаецца бюджэтам.

На судовае паседжанне 27 сакавіка з'явілася прадстаўніца УУС Валянціна Радыёнава. Яна выказала меркаванне, што і УУС не можа быць «належным адказчыкам», і дадала, спаслаўшыся на загад міністра ўнутраных спраў, што РАУС з'яўляецца юрыдычнай асобай, пра што не ведаў нават прадстаўнік таго ж РАУС Уладзіслаў Шукель.

Прыйшоў на суд і прадстаўнік Міністэрства фінансаў, дакладней, Гомельскага ўпраўлення. Аказалася, што і Міністэрства фінансаў не хоча быць адказчыкам пра справе: пра гэта даводзіў прадстаўнік упраўлення, спасылаючыся на Грамадзянскі і Бюджэтны кодэкс, і іншыя прававыя і нарматыўныя акты. Але ўсе-такі суддзя пакінула прадстаўніка міністэрства фінансаў суадказчыкам. Таксама суддзя прыйшла да высновы, што грашовымі сродкамі распараджаецца не РАУС, не УУС, а МУС. Таму на судзе было прынятае рашэнне запрасіць на паседжанне ў якасці суадказчыка прадстаўніка МУС.

«Як шкодзіць, і рабіць подласць – дык шмат у нас ёсць ахвочых. А як адказваць за подласць – дык усе хаваюцца за спіны адзін аднаго, і спіхваюць адзін на аднаго адказнасць. Па сутнасці, мне ўсе роўна, хто будзе адказчыкам па маёй справе, абы дамагчыся справядлівасці і пакараць фальсіфікатараў», - адзначыў Уладзімір Няпомняшчых.

Наступнае паседжанне, ужо з прадстаўніком МУС, адбудзецца 12 красавіка.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства