Леанід Судаленка выйграў суд з Дзяржаўтаінспекцыяй
Гомельскаму праваабаронцу Леаніду
Судаленку ўдалося даказаць у судзе, што ён не парушаў правілы
дарожнага руху і не перавышаў хуткасць у населеным пункце. За гэта супрацоўнікі
Дзяржаўтаінспекцыі спрабавалі пазбавіць праваабаронцу пасведчання кіроўцы. Суд
цягнуўся 10 месяцаў.
Паведаміў Леанід Судаленка:
- Быццам бы я ў населеным пункце, у вёсцы, па трасе Віцебск-Гомель рухаўся са
скорасцю, якая перавышае дапушчальную 30 км/г. Я не пагадзіўся з такім
абвінавачваннем і пачаў праз суд абараняць свае правы. Мне спатрэбілася 10
месяцаў. Пяць разоў мяне прыцягвалі да адказнасці і пяць разоў я адмяняў праз
суд.
Амаль год Леаніду Судаленцы даводзілася ездзіць па часовым пасведчанні кіроўцы,
кожны месяц звяртаючыся ў ДАІ, каб працягнуць яго яшчэ на месяц. Па словах
праваабаронцы, супрацоўнікі ДАІ не змаглі прадаставіць суду выразных доказаў
таго, што ён перавысіў хуткасць. Тым больш здымак радара ў ДАІ проста не
захавалі.