viasna on patreon

Андрэс Херкель: “Хто яны, палітычныя вязні Еўропы?”

2012 2012-04-02T11:48:49+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/andres-herkel.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Дакладчык Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) па Беларусі Андрэс Херкель

Дакладчык Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы (ПАСЕ) па Беларусі Андрэс Херкель

Некалькі дзён таму я быў у вясновым Осла. На прымеркаванай да сітуацыі ў Беларусі канферэнцыі, арганізаванай Нарвежскім Хельсінскім камітэтам у супрацоўніцтве з Нарвежскім ПЕН-клубам. Падчас вячэры, у адной з арганізатарак былі слёзы на вачах. Чаму? Спадарыня адказала, што нічога не зменіцца, а людзі пакутуюць. І не толькі ў Беларусі. Я ніяк не мог яе супакоіць іншым чынам, апроч як звярнуўшыся да гісторыі, поўнай неапісальных жахаў. Другая сусьветная вайна, дэпартацыі, пакуты і смерць у ГУЛАГу. На шчасьце, сённяшнія жахі ўсё ж не такія значныя.

Калі я вярнуўся дахаты, я перапрануўся са свайго звычайнага строю з гальштукам у цішотку, якую мне падарылі ў Осла, з надпісам “Свабоду Алесю Бяляцкаму”. Зараз я пішу гэтыя радкі, а партрэт Алеся ў мяне на грудзі, надпіс – на маім жываце. Летась я сустракаўся з Алесем у Нарвэгіі. А сёлета я атрымаў цішотку з патрабаваннем ягонага вызвалення.

Алеся арыштавалі ў жніўні мінулага году. Увосень ён быў асуджаны да чатырох з паловай гадоў зняволення за ўхіленне ад падаткаў. Грошы на падтрымку Праваабарончага цэнтру “Вясна”, які ачольваў Алесь, паступалі на ягоны прыватны банкаўскі рахунак. Паколькі “Вясна” не можа працаваць адкрыта і свабодна і мець банкаўскі рахунак, гэта было адзінай магчымасцю падтрымліваць арганізацыю. Міжнародная Амністыя адразу прызнала Алеся Бяляцкага вязнем сумлення. Паколькі дзейнасць Алеся па абароне правоў чалавека шырока прызнаная, многія парламентарыі па ўсёй Еўропе падтрымалі яго вылучэнне на Нобелеўскую прэмію міру.

Якая розніца паміж вязнем сумлення і звычайным палітычным вязнем? Самая простая дэфініцыя палітычнага вязня – асоба, якая знаходзіцца ў турме з-за таго, што выступае супраць ураду сваёй краіны. Не заўсёды проста вызначыць гэта, бо часта выкарыстоўваюцца непалітычныя артыкулы, можа мець месца селектыўнае правасуддзе ці нават відавочна штучныя абвінавачанні. Напрыклад, адзін з тыповых метадаў – “знайшлі” наркотыкі ў кішэні арыштаванага дысідэнта.

Вязні сумлення – людзі, пазбаўленыя волі з-за выказвання сваіх перакананняў. Аднак, ёсць удакладненне, што гэтыя перакананні маюць быць мірнымі і не заклікаць да гвалту. Тыя, хто спрабуе звергнуць урад у супрацы з выведкай іншай краіны, таксама не падпадаюць пад гэты статус. Такім чынам, актывісты “Ночного дозора”, калі іхняя віна ў так званых непарадках “бронзавай ночы” (рускі бунт у Эстоніі ў 2007 – заўв. пер.) будзе пераканаўча даказаная, у любым разе не будуць прызнаныя вязнямі сумлення.

Апроч палітыкаў, рэлігійныя дзеячы таксама могуць стаць вязнямі сумлення, калі яны адмаўляюцца з-за сваіх перакананняў выконваць абавязкі, накладзеныя дзяржавай, якія супярэчаць іхняй рэлігіі. Сам панятак “вязень сумлення” быў прапанаваны ў 1961 годзе брытанскім юрыстам Пітэрам Бэненсанам. Ён таксама распачаў кампанію “Заклік да амністыі 1961”, якая пераўтварылася ва ўплывовую праваабарончую арганізацыю “Міжнародная Амністыя”. І хаця арганізацыя з часам пашырыла свае прынцыпы, і нам можа зусім не падабацца іхняя крытыка эстонскай моўнай палітыкі, патрабаванне вызваліць вязняў сумлення таксама з’яўляецца базавай дзейнасцю Міжнароднай амністыі.

Сёньня ў Беларусі каля 10 вязняў сумлення. Напрыклад, летась журналістка Ірына Халіп была вязнем сумлення пад хатнім арыштам, сёньня яна мае пэўную свабоду руху. Так бы мовіць, яна вязень сумлення пад умоўна-датэрміновым вызваленнем. Муж Ірыны, Андрэй Саннікаў, кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2010, зараз у турме, дзе вельмі жорсткія ўмовы, і ўсе, апроч беларускіх уладаў, хвалююцца пра ягонае здароўе. Дарэчы, і сама Ірына была спачатку ў турме, але паколькі ў іх з Андрэем маленькі сын, які застаўся са старэнькай бабуляй, а міжнародны ціск быў настолькі моцным, то ўлады вырашылі змякчыць пакаранне. Цягам многіх месяцаў яна была змушана заставацца дома, адрэзанай ад сувязі са знешнім сьветам, нават да вакна было недазволена падыходзіць.

Беларусь прызнана краінай-ізгоем, а наяўнасць палітвязняў там толькі пацвярджае гэты статус. З іншага боку, у краінах-сябрах Рады Еўропы ўвогуле не мусіць быць палітычных вязняў, не кажучы ўжо пра вязняў сумлення (Беларусь не з’яўляецца сябрам Рады Еўропы, заўв. пер.). Але на практыцы гэта не зусім так. Пальма першынства тут у Азербайджана, дзе Амністыя налічыла 14 вязняў сумлення. Гэта адносна новыя справы, гэтыя людзі ў сваіх блогах і публічных выступах крытыкавалі ўлады і заклікалі людзей да дэманстрацый.

І я хацеў бы заклікаць усіх людзей добрай волі звярнуцца да эстонскіх журналістаў і асабліва да Эстонскай кампаніі нацыянальнага вяшчання з просьбай не забыць аб палітычных вязнях і істотным недахопе палітычнага плюралізму ў Азербайджане, калі яны паляцяць у Баку напрыканцы траўня. Гэтыя праблемы не мусяць быць забытымі, таму што наш прывілей жыць у свабодным свеце проста абавязвае нас рабіць хоць нешта. Мы мусім заўсёды памятаць пра пакуты іншых.

Сярод сённяшніх азербайджанскіх палітвязняў няма такіх яркіх зорак, як журналіст Эйнула Фатулаеў, якога вызвалілі пад міжнародным ціскам у траўні мінулага году. Я пісаў пра яго ў сваёй кніжцы “Лісты з Азербайджану” (2010), якая базуецца на маім досведзе дакладчыка (Парламенцкай асамблеі Рады Эўропы па Азербайджане (2004-2010), заўв. пер.). З новых вязняў хіба найбольш выбітны Турал Абаслі, 29-гадовы журналіст і блогер, глава моладзевай секцыі Партыі роўнасці (адна з асноўных апазіцыйных партыяў, заўв. пер.). Перш за ўсё, адметна, як шмат маладых людзей было ізалявана ад грамадства. Былыя міністры Фархад Аліеў і Алі Інсанаў зараз таксама палітвязні, хоць яны і не былі прызнаныя вязнямі сумлення.

Міхаіл Хадаркоўскі і Платон Лебедзеў, якія ўжо доўгі час знаходзяцца ў турме ў Расіі, былі таксама намінаваныя на статус вязняў сумлення. Хадаркоўскі больш вядомы з іх, але па сутнасці мы маем справу з дзвюма паралельнымі справамі. Магчыма, Лебедзеў быў арыштаваны першым, каб даць Хадаркоўскаму знак пакінуць краіну. Але Хадаркоўскі застаўся. У 2005 годзе абодва былі асуджаныя да 9 гадоў у турме, але ў 2011, калі яны маглі прэтэндаваць на ўмоўна-датэрміновае вызваленне, яшчэ 12 год былі дададзеныя да іх пакарання па новых абвінавачаннях. Пасля гэтага Міжнародная Амністыя прызнала іх вязнямі сумлення. Апроч гэтага, палітычныя лідары кшталту Барыса Нямцова і іншых, былі арыштаваныя на кароткія тэрміны. Паколькі Амністыя зрэагавала хутка, можна сказаць, што у спісе вязняў сумлення ў Расіі, які звычайна складаецца з 2+х імёнаў, сёньня х=0.

Трэцяя краіна-сябра Рады Еўропы, у якой час ад часу з’яўляюцца вязні сумлення – гэта Турцыя. Збольшага, гэта выпадкі, звязаныя з пытаннямі сумлення альбо з сябрамі Працоўнай партыі Курдыстана.

Праблема палітыкаў за кратамі ва Ўкраіне ўсё часцей з’яўляецца ў парадку дня. Да цяперашняга часу было імкненне пазбягаць называць у афіцыйных дакументах былую прэм’ер-міністарку Юлію Цімашэнку і былога міністра ўнутраных справаў Юрыя Луцэнку палітычнымі вязнямі. Прадстаўнікі Міжнароднай Амністыі таксама не бачаць падставаў называць былых украінскіх чыноўнікаў вязнямі сумлення. У той самы час, факт таго, што палітычны матыў добра бачны як у працы следства, так і суда, не можа ігнаравацца. Як толькі адна справа супраць Цімашэнкі была закрытая, адразу ж была адкрытая іншая, так што яна не магла нават на кароткі час вольна камунікаваць са знешнім светам.

У Арменіі былі дзясяткі палітычных вязняў і шмат забітых пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў у 2008. На сёння праблема вязняў вырашаная, але напачатку траўня ў краіне пройдуць парламенцкія выбары. З досведа мінулага, выбары адносяцца да фактару рызыкі ў Арменіі.

І напрыканцы – прыклад з далёкай краіны. Наколькі поўнымі выключэнняў могуць быць абставіны, звязаныя з палітычнымі вязнямі, бачна з жыцьця адзінацатага Панчэн Ламы Гедуна Чок’і Н’іма (Панчэн Лама – другі па значнасьці Лама пасля Далай Ламы ў тыбецкім будызме, заўв. пер.), які нарадзіўся ў 1989 годзе. Яго ізалявалі ад свету ва ўзросце шасці год. Гэта самы малады палітычны вязень у свеце. І зараз, калі ён ужо падрос, Гедун Чок’і Н’іма ўсё яшчэ пад арыштам.

***

Не ўсе вязні сумлення – змагары за свабоду ў простым сэнсе гэтага слова. Права абраць альтэрнатыву службе ў войску з рэлігійных ці іншых перакананняў – гэта не барацьба за волю. Наш Юры Кукк (эстонскі дысідэнт, загінуў у няволі ў 1981, заўв. пер.) безумоўна быў вязнем сумлення і барацьбітам за волю. Некаторыя з сённяшніх выступоўцаў на канфэрэнцыі памяці Юры Кукка – Эн Тарто, Март Ніклус і Калью Мятлік – маюць такі самы статус. Яны карыстаюцца вялізнай пашанай за тое, што зрабілі. І на шчасьце, у сённяшняй Эстоніі мы кажам пра палітычных вязняў у мінулым часе.

У дэмакратычнай краіне людзі крытыкуюць палітыкаў, але ў аўтарытарнай дзяржаве ўрад і афіцыйная прапаганда крытыкуюць вязняў сумлення. Па-за межамі сваёй краіны альбо сярод апазіцыі вязень сумлення можа быць вельмі паважаным чалавекам. Але заслужанае афіцыйнае прызнанне прыходзіць толькі пасля карэннай змены ўраду. На шчасце, у Эстоніі гэта ўжо здарылася.

Тэкст быў падрыхтаваны да канфэрэнцыі “Дзень пакутнікаў за волю”, Тарту, 25 сакавіка 2012. Пераклад Дашы Слабчанкі.

Андрэс Херкель – эстонскі палітык, дакладчык па Беларусі Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства