Праваабарончая праграма “Людзьмі звацца!” на Радыё Рацыя
Кожны аўторак у 15:05 ў эфіры незалежнай радыёстанцыі “Радыё Рацыя” - праграма “Людзьмі звацца!”, якая асвятляе падзеі, датычныя правоў чалавека на Беларусі. Праграма складаецца з рубрык “Хроніка пераследу”, "Падзея тыдня", “Асоба. Дзяржава. Грамадства” ды “Праваабарончы каляндар”.
У гэтым выпуску:
Найбольш гучныя факты парушэнняў правоў чалавека за мінулы тыдзень - у “Хроніцы пераследу”.
“Падзеі тыдня” распавядае пра суды над грамадзянамі, якія па рэлігійных матывах адмовіліся прайсці абавязковую дактыласкапічную рэгістрацыю. Такія працэсы цягам мінулага тыдня праходзілі ў Гародні, Магілёве і Менску.
Госці рубрыкі "Асоба. Дзяржава. Грамадства" – каардынатары кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Валянцін Стэфановіч (ПЦ “Вясна”) і Алег Гулак (Беларускі Хельсінкскі камітэт). 2 красавіка праваабаронцы абвесцілі, што будуць праводзіць назіранне за парламенцкімі выбарамі-2012, якія, са слоў прэзідэнта Лукашэнкі мусяць стаць сапраўдным іспытам для ўлады. Праваабаронцы не толькі распавядуць пра планы незалежных назіральнікаў, але і “падкажуць” уладам бяспройгрышныя крокі на шляху да свабодных і справядлівых выбараў.
У “Праваабарончым календары” - Міжнародны Дзень моладзевых дзеянняў за правы чалавека.
У музычных паўзах – цудоўны грузінскі джаз-рок у выкананні Ніно Катамадзэ і гурта “Інсайт”, якія на мінулым тыдні прадставілі сваім беларускім прыхільнікам новы альбом – гэтым разам зялёнага колеру.
Слухаць выпуск: