Грамадзкага актывіста з Барысава "ўзмоцнена" правяралі на мяжы
3 кастрычніка Сяргея Салаша - грамадзкага актывіста з Барысава - “ўзмоцнена” праверылі на беларуска-украінскай мяжы. Паводле www.belngo.info С.Салаш ехаў з Украіны на цягніку “Львоў – Санкт-Пецярбург”. На мяжы зь Беларусьсю ў Лунінецкім раёне вагон дагледзілі мытнікі. Затым памежнікі выконвалі пашпартны кантроль (гэты участак мяжы ахоўвае Пінскі атрад памежных войскаў).
Распавядае С.Салаш: “Прапаршчык, які правяраў пашпарты, выявіў маё прозьвішча ў адным з тых сьпісаў, што маюцца ў памежнікаў пры пашпартным кантролі. Тады ён паведаміў камусьці па рацыі: “У 3-м вагоне – “жук”, і зьнёс мой пашпарт з сабой. Празь нейкі час прыйшоў афіцэр памежных войскаў, які быў узброены пісталетам, і зь ім мытнік – але ня той, што ўжо зрабіў праверку вагону. Думаю, гэта былі начальнікі памежнай і мытнай зьменаў. Мытнік запатрабаваў, каб я зноў прадаставіў мае рэчы на праверку. Я запытаўся, чаму ад мяне патрабуюць рабіць гэта пасьля таго, як мытная праверка ўжо праведзеная. На пытаньне мытнік і памежнік не адказалі, але працягвалі патрабаваць, каб я паўторна паказаў багаж. Я адкрыў маю сумку, мытнік агледзеў яе, а памежнік пацікавіўся, ці няма ў мяне кампакт-дыскаў. Але ў маім багажы нічога, акрамя асабістых рэчаў, не было. Затым гэты памежнік прынёс мой пашпарт”.
У пэрыяд прэзыдэнцкіх выбараў С.Салаш быў адным з каардынатараў перадвыбарчай кампаніі А. Мілінкевіча ў Барысаўскім раёне. Грамадзкі актывіст лічыць, што калі на мяжы праводзіцца “ўзмоцненая” праверка ў выніку таго, што прозьвішча чалавека ўнесенае ў нейкі сьпіс, варта патрабаваць ад мытнікаў і памежнікаў тлумачыць, на якой падставе яны гэта робяць.