viasna on patreon

Тры мільёны штрафу за распаўсюд незалежнай газеты “Тут і цяпер”

2012 2012-04-12T14:01:20+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sud.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

На такую суму актывіста БНФ Сяржука Нягаціна аштрафала суддзя Ленінскага раёна Магілёва Аксана Ратнікава. Суддзя палічыла, што для распаўсюду незарэгістраванага незалежнага выдання неабходна мець з рэдакцыяй спецыяльную дамову, якой у актывіста не было.

Сяржук Нягацін сваю віну ў судзе не прызнаў і збіраецца вырак суда абскарджваць у вышэйстаячым суддзе.

“Я першы раз сутыкаюся з такім выракам, калі для распаўсюду самаробнай газеты альбо ўлёткі трэба мець спецыяльную дамову з тым, ад каго я іх атрымаў. Як тады распаўсюджваць друкаваныя матэрыялы падчас выбарчых кампаній?”, - гаворыць актывіст БНФ.

“Суддзя Ратнікава аштрафавала мяне на такую вялікую суму, бо палічыла мой патрыятычны ўчынак небяспечыным для грамадкасці. У суддзе мае аргументы аб тым, што газета, якая выйшла накладам да 299 асабнікаў і не патрабуе рэгістрацыі, як і не патрэбна дамова на распаўсюд, былі праігнараваныя”, - адзначае Сяржук Нягацін.

Праваабаронца Барыс Бухель лічыць, што такі вялікі штраф звязаны з ростам базавай велічыні, якая змянілася з 1 красавіка 2012 года.

“Дадзены вырак мы будзем абскарджваць у абласным суддзе ў дзесяцідзённы тэрмін. Аб тым, што патрэбен спецыяльны дазвол для распаўсюду газеты накладам да 299 асобнікаў, я чую ўпершыню. Будзем з гэтым разбірацца”, - гаворыць Барыс Бухель.

Нагадаем, што 31 сакавіка, падчас распаўсюду незалежнай газеты “Тут і цяпер” на Віленкім рынку быў затрыманы актывіст БНФ Сяржук Нягацін. Яго затрымлівалі амапаўцы Ілля Голубеў і Вячаслаў Сафронаў. Яны даставілі актывіста ў пастарунак, дзе старэйшы ўчастковы Яўген Бавараў склаў пратакол аб канфіскацыі 80 газет.

Учора яму патэлефанавалі міліцыянты і прапанавалі забраць канфіскаваныя газеты. Калі ж Сяржук Нягацін з’явіўся ў пастарунак, то на яго быў складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні. Пасля яго складання актывіста павезлі ў суд. Суддзя па хадайніцтву Сяржука перанесла судовае пасяджэнне на 12 красавіка.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства