viasna on patreon

Суд не задаволіў іск Уладзіміра Няпомняшчых аб спагнанні маральнай шкоды з міліцыянераў

2012 2012-04-12T17:32:23+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/niapomniashchyh.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Уладзімір Няпомняшчых

Уладзімір Няпомняшчых

Суд Цэнтральнага раёна Гомеля 12 красавіка вынес рашэнне аб адмове ў задавальненні іску Уладзіміра Няпомняшчых да супрацоўнікаў міліцыі. Такую пастанову прыняла суддзя Ірына Кавалевіч. Яна вырашыла, што пазасудовы арышт амаль на трое сутак грамадзяніна быў абгрунтаваным, і Уладзімір Няпомняшчых ад такога адвольнага зняволення не пацярпеў.

Нагадаем, актывіст АГП і Руху «За свабоду!», пенсіянер МУС Уладзімір Няпомняшчых спрабаваў спагнаць праз суд маральную шкоду ў памеры 9 мільёнаў рублёў за незаконнае ўтрыманне ў ІЧУ. Заяўнік быў затрыманы міліцыяй 7 кастрычніка 2011 года, напярэдадні Народнага сходу, і змешчаны без прад'яўлення якіх-небудзь абвінавачванняў да суда ў ІЧУ. 10 кастычніка актывіст быў дастаўлены ў суд, які прызнаў яго вінаватым па артыкуле 23.34 КаАП (парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства) і пакараў штрафам. Ужо пасля суда Няпомняшчых даведаўся пра існаванне яшчэ аднаго пратаколу, складзенага міліцыянтамі, пра тое, што актывіст нібыта лаяўся матам, гэта значыць здзейсніў дробнае хуліганства. Дадатковае абвінавачванне з боку міліцыі Няпомняшчых расцаніў як спробу апраўдаць нічым не абгрунтаваны пазасудовы адміністрацыйны арышт да трох сутак. Довады апазіцыянера аб фальсіфікацыі з боку супрацоўнікаў міліцыі доказаў па абвінавачванні ў дробным хуліганстве пацвярджаюцца пастановай суду Цэнтральнага раёна ад 11 студзеня 2012 г. аб спыненні вытворчасці па справе ў сувязі з недаказанасцю віны.

«У выніку неправамерных дзеянняў адказчыка я панёс такое дадатковае пазасудовае адміністрацыйнае спагнанне, як фактычны адміністрацыйны арышт у выглядзе трох сутак, хоць ніякай неабходнасці ў пазбаўленні мяне волі ў момант затрымання не існавала», - пісаў ў зыскавай заяве Няпомняшчых. Ён упэўнены, што міліцыянты не мелі законнага права змяшчаць яго ў ІЧУ да суда.

Адказчыкамі па справе суд прызнаў АУС Цэнтральнага раёна Гомеля, УУС Гомельскага аблвыканкаму, МУС і Міністэрства фінансаў. Прадстаўнікі дадзеных структур прысутнічалі на судзе і не прызналі іск. Ад МУС па даверанасці на паседжанні выступала прадстаўніца УУС Валянціна Радзівонава. Прадстаўнік аддзела ўнутраных спраў Уладзіслаў Шукель на судзе выказаў меркаванне, што міліцыя мела права змяшчаць Уладзіміра Няпомняшчых да суду ў ІЧУ для «забеспячэння адміністрацыйнага працэсу». На пытанне заяўніка: чаму на яго адразу не склалі пратакол па артыкулу 23.34 КаАП, а змясцілі ў ІЧУ, і толькі праз суткі склалі пратакол, міліцыянер адказаў, што «таму што мяне ў той дзень не было на працы». Верагодна, акрамя Уладзіслава Шукеля ніхто ў аддзеле не можа ці не ўмее складаць пратаколы па артыкулу 23.34.

«Іншага рашэння я не чакаў, хаця ў глыбіні душы я ўсе ж спадзяваўся, што хоць «клок поўсці з паршывай авечкі», але не атрымалася. Але я буду змагацца далей і абскарджваць дадзенае рашэнне, змагацца трэба, здавацца – нельга. У нас няма незалежнага суду, каб ён быў – тут няма чаго нават і разбірацца, усё ляжыць на паверхні. Калі б яны спагналі з міліцыі матэрыяльную шкоду, хоць па 100 тысяч, а не 9 мільёнаў, як я прасіў, то пачала б развальвацца сістэма. Ні адзін міліцыянер не стаў бы тады затрымліваць, ілжэсведчыць – каму б быў патрэбны галаўны боль, яшчэ і фінансавыя страты? Таму ўлада прыкрывае непрыстойных супрацоўнікаў міліцыі - такія ім патрэбны для фальсіфікацый, ілжэсведчанняў, разборак з апазіцыяй», - пракаментаваў рашэнне суда Уладзімір Няпомняшчых.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства