На затрыманых 14-га верасьня магілёўскіх маладафронтаўцаў пачаўся ўціск у вучэльнях
Дванаццаць з дваццаці актывістаў, якія 14-га верасьня былі гвалтоўна затрыманыя АМАПам у адным з прыватных дамоў абласнога цэнтра, сустрэліся зь сябрамі ГА “Магілёўскі праваабарончы цэнтар” і журналістамі недзяржаўных СМІ. www.belngo.info паведамляе, што маладафронтаўцы нагадалі прысутным аб тым, як магілёўскі АМАП уварваўся ў прыватны дом, дзе яны знаходзіліся ў гасьцях. Міліцыянты патлумачылі тады свае дзеяньні тым, што атрымалі “тэлефонны сыгнал” аб вэрхале і бойцы, якія ў доме быццам бы адбываліся. Аднак маладзёвыя актывісты паведамілі, што ніякага афіцыйнага працягу свайго затрыманьня з боку праваахоўных органаў і адміністрацыйных камісіяў не было, бо ніякіх парушэньняў яны не зьдзяйсьнялі.Але пра самы факт затрыманьня міліцыя, відаць, папярэдзіла адміністрацыі тых установаў, дзе навучаюцца маладыя людзі. Гэта сталася відавочным пасьля таго, як на маладых людзей у іхных вучэльнях пачаўся маральны ўціск. Адзін з хлопцаў паведаміў пра спробу завэрбаваць яго з боку прадстаўнікоў спэцслужбаў – пры дапамозе адміністрацыі навучальнай установы. Якім чынам і з дапамогаю якіх сродкаў моладзь можа цяпер бараніць свае правы і сваю годнасьць – пра тое і была размова на згаданай сустрэчы.