Разгляд касацыйнай скаргі Валерыя Шчукіна адбудзецца 18 красавіка
Праваабаронца ў Віцебскім абласным судзе аспрэчвае рашэнне суду Оршы і Аршанскага раёну, дзе 30 сакавіка яго аштрафавалі за хуліганства і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.
Падзеі, за якія суддзя Тацяна Рыбакова аштрафавала спадара Шчукіна на 34 базавыя велічыні, адбыліся 29 сакавіка ў тым самым будынку аршанскага суду. У той дзень праходзіў працэс над затрыманымі напярэдадні палітыкамі Анатолем Лябедзькам, Сяргеем Калякіным і Аляксандрам Атрошчанкавым. Паводле распараджэння абласнога міліцэйскага начальства, суд практычна зрабілі закрытым – у залу не пускалі ахвотных прысутнічаць, у тым ліку журналістаў. На знак пратэсту спадар Шчукін заблакаваў праход на трэці паверх, сеўшы ў дзвярах.
Праз пэўны час супрацоўнікі міліцыі сказалі, што пусцяць у судовую залу некалькі чалавек, але Валерыя Шчукіна – не. Замест тлумачэнняў, чаму так, яго затрымалі і на суткі змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання.
Назаўтра праваабаронцу прысудзілі два штрафы – 140 тысяч за хуліганства і 1 мільён 50 тысяч рублёў за непадпарадкаванне міліцыянтам.
Валеры Шчукін хоча давесці, што суддзя Рыбакова парушыла ягоныя правы, пазбавіўшы дапамогі адваката: той адвакат, з якім ужо была заключана дамова, хадайнічаў аб пераносе судовага пасяджэння на пазнейшы час, бо не меў магчымасці дабрацца з Мінску да Оршы так хутка. Але суддзя хадайніцтва адхіліла, прапанаваўшы Шчукіну іншага адваката, за паслугі якога трэба было зноў заплаціць. На такіх умовах актывіст адмовіўся браць удзел у судовым працэсе. Цяпер ён збіраецца аспрэчыць судовае рашэнне, якое лічыць незаконным.