viasna on patreon

Палепшыць ўмовы ўтрыманьня на Акрэсціна планавалася яшчэ ў 2009 годзе

2012 2012-04-16T11:38:04+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/akrescina.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У незалежных СМІ перыядычна з’яўляецца інфармацыя пра нездавальняючыя, а часам і проста жахлівыя ўмовы ўтрыманьня арыштаваных і затрыманых ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў у Менску. Пра гэта паведамляюць актывісты грамадскіх рухаў і партый, якіх па надуманых падставах затрымліваюць і абвінаваціўшы ў дробным хуліганстве або ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве, караюць адміністратыўным арыштам.

З 23 сакавіка па 4 красавіка актывіст «Маладога фронту» Іван Шыла адбываў пакараньне за акцыю салідарнасьці з Дзмітрыем Дашкевічам ў ЦІПе на Акрэсціна (21 суткі адміністрацыйнага арышту). Па вызваленьні ён падаў скаргу ў пракуратуру горада Мінска на  ўмовы ўтрыманьня ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама. Іваш Шыла паведамляе пра поўную адсутнасьць мэблі ў камеры, нізкую тэмпературу, адсутнасьць вентыляцыі, недастатковае асвятленьне, забарону прадуктовых перадач, адсутнасьць належнай медыцынскай дапамогі і галоўным чынам - жахлівы санітарна-гігіенічны стан камеры. У сукупнасьці ўсе гэтыя фактары з'яўляюцца жорсткім і зневажаючыя чалавечую годнасць абыходжаньнем для любога чалавека, які па якіх-небудзь прычынах вымушаны адбываць адміністрацыйны арышт у ЦІПе.

Актывіст Уладзімір Яроменак пасьля адбыцьця арышту 2 красавіка паведаміў, што “…У гэты раз у камеры было не вельмі халодна. У тым ліку, таму што вокны не было не адкрыць. Выцяжка не працуе. Паветра вельмі сапрэлае. За 18 сутак, якія я там правёў, вывелі на прагулку два разы.  Умовы нязменныя з года ў год: пацукі, вошы. Пацукі досыць вялікія, адчуваюць сябе па-гаспадарску. Неахвотна ўцякаюць, толькі калі нешта ў іх кінеш. Цягаюць хлеб, сурвэткі…”  

Алена Дубовік, затрыманая 24 сакавіка падчас канцэрту ў ДК МТЗ і асуджаная да 3 сутак арышту, напісала скаргу ў пракуратуру на незаконныя дзеянні супрацоўнікаў міліцыі пры затрыманні і кепскія ўмовы ўтрыманьня ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна: “…Умовы ўтрымання адміністрацыйна затрыманых і арыштаваных у ЦІП ГУУС Мінгарвыканкама супярэчаць заканадаўству, які вызначае іх правы – Канстытуцыі, ПВКаАП, Правіламі ўнутранага распарадку спецыяльных установаў органаў унутраных спраў, якія выконваюць адміністратыўнае спагнаньне ў выглядзе адміністратыўнага арышту, зацверджанымі Пастановай Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь ад 08.08.2007 № 194.  Супрацоўнікі ЦІП пастаянна выкарыстоўвалі ў сваіх  размовах ненарматыўную лексіку. Па прыездзе ў ЦІП быў праведзены надгляд, аглядаў мяне супрацоўнік мужчынскага полу. Мяне змясцілі ў камеру, дзе змяшчалася 8 чалавек. Спальных месцаў абсталявана не было. Пасцельная бялізна і матрац мне не выдавалі. Туалеты ў камерах ЦІП знаходзяцца ў паўметры ад спальнага месца і «адгароджаныя» ад спальнага месца толькі адной перагародкай. У камерах недастаткова натуральнага асвятленьня. Кругласуткава ўключана штучнае асвятленне, але яно недастатковае, у камеры круглыя суткі паўзмрок. Чытаць можна толькі з вялікімі намаганьнямі і вельмі непрацяглы час, бо хутка стамляюцца вочы. За трое сутак знаходжаньня мяне не вадзілі на шпацыры. У камерах не было пітной вады (вада з рукамыйніка, які быў у камеры, не прыдатная для піцця)”.

Падобных сведчаньняў, калі знаходжаньне ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў зняволеныя параўноўваюць з катаваньнямі, не адзін дзесятак.

Тэма жорсткіх і бесчалавечных умоў утрыманьня ў ЦІП не аднойчы ўздымалася беларускімі праваабаронцамі. Яны праводзілі адпаведныя маніторынгі, падавалі скаргі на ўмовы ўтрыманьня ў пракуратуру і іншыя дзяржаўныя структуры.

Яшчэ напачатку 2010 года старшы памочнік пракурора горада Менска па нагляду за законнасьцю выкананьня крымінальных пакараньняў М. Герашчанка адказваючы  на скаргу праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, прызнаваўся, што праблема сапраўды існуе і яна будзе неўзабаве вырашаная.

З адказу пракуратуры вынікала, што, сапраўды, “у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў адміністратыўна арыштаваным і затрыманым не прадстаўляюцца спальныя месцы  с пасцельнымі прыналежнасцямі, камеры не абсталяваныя сталамі, лаўкамі, тумбачкамі”.

А далей старшы памочнік пракурора горада Менска М. Герашчанка паведамляе: “Пракуратура Менска накіроўвала адпаведную інфармацыю ў ГУУС Менгарвыканкама пра ліквідацыю гэтых недахопаў”.

Цікава, што яшчэ ў 2008 годзе, рэагуючы на пракурорскі запыт, ГУУС Менгарвыканкама заключыла дамову з АДА “ІнтэстСтройПраект” на правядзеньне абмерных і даследчых прац па аб’екту “Капітальны рамонт з мадэрнізацыяй будынка ЦІП па 1-м завулку Акрэсціна, 36. Гэтыя працы былі завершаныя ў тым жа 2008 годзе. Капітальны рамонт разам з мадэрнізацыяй будынка, у тым ліку з набыцьцём адпаведнай мэблі, абсталяваньня і спальных прыналежнасьцей быў па аб’ектыўных прычынах перанесены з 2009  на 2010-2011 гады. Аднак зараз на календары – 2012 год. Як бачна, за гэты час анічога не зьмянілася. Выглядае на тое, што дзяржаўныя сродкі пушчаныя на вецер, а ўмовы ўтрыманьня, па-ранейшаму, застаюцца жорсткім і зневажаючымі чалавечую годнасьць.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства