viasna on patreon

Віцебск: Яну Дзяржаўцаву не дазволілі пікеты да ўгодкаў Леніна

2012 2012-04-19T14:41:07+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/dziarzhaucau.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Актывіст КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў

Актывіст КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў

Сябру КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў прапаноўваў адміністрацыям трох раёнаў Віцебску далучыцца да арганізацыі акцыі. Аднак чыноўнікі запрашэнне праігнаравалі, і акцыі забаранілі – спаслаліся на тое, што актывіст падаў заяўкі са спазненнем і не заключыў дамовы з хуткай дапамогай, ЖКГ і міліцыяй.

"Тое, што я нібыта спазніўся, я гатовы аспрэчваць у судзе. Заяўка падаецца за 15 дзён да імпрэзы, і згодна штэмпелю на канверце, у дзень адпраўкі я ва ўсе тэрміны ўкладаўся. Калі яны лічаць з таго дня, як атрымалі – то гэта няправільна! Чамусьці чыноўнікі ўсё хочуць абярнуць на сваю карысць: калі спазняюся, то толькі я. Адказы па пікетах яны таксама дасылаюць мне не заўжды своечасова", - кажа Ян Дзяржаўцаў.

Але найбольш абурае актывіста тое, што наконт прапановы зладзіць пікеты разам чыноўнікі адмаўчаліся:

"Я ж пісаў, прапаноўваў – давайце разам! Ні слова пра гэта ў адмовах! Напісалі, што я не заключыў дамовы з камунальнікамі, хуткай дапамогай і міліцыяй. Гэта патрабуецца, згодна з адпаведным рашэннем гарвыканкаму, калі пікеты ладзяць прыватныя асобы. Аднак калі ўлады ладзяць, то дамоваў не трэба – яны самі абавязваюць да працы адпаведныя структуры. Таму я і прапаноўваў уладам далучыцца. А яны – ні слова!"

Ян Дзяржаўцаў прапаноўваў уладам далучыцца да пікетаў ад безвыходнасці. За апошнія паўтара гады раённыя адміністрацыі не дазволілі ніводнага пікету, што хацелі зладзіць актывісты. Прычына – адсутнасць тых самых дамоваў. А заключыць іх амаль неверагодна: калі адна служба пагаджаецца, то іншая знаходзіць прычыны, каб адмовіцца. То ў хуткай дапамогі не хапае машын, то ўсе супрацоўнікі міліцыі занятыя на іншым мерапрыемстве.

Мэта пікетаў, якія актывіст хацеў правесці  22 красавіка — інфармацыйная. Ён кажа, што ў дзень народзінаў Уладзіміра Леніна ён збіраўся абмеркаваць з жыхармі Віцебску шкоду камуністычнай ідэалогіі, накіраванай на знішчэнне мовы, культуры і нацыянальнай самаідэнтыфікацыі беларусаў.

Цяпер спадар Дзяржаўцаў чакае адказаў з Першамайскай, Кастрычніцкай і Чыгуначнай адміністрацый  наконт пікетаў, замоўленых на 26 красавіка, да  ўгодкаў Чарнобыльскай трагедыі. У заяўках  спадар Дзяржаўцаў таксама прапанаваў старшыням раённых адміністрацый далучыцца да арганізацыі гэтых акцый.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства