Пракурор Брэсцкай вобласці лічыць правільным папярэджанне Рыгору Грыку
19 красавіка грамадскі актывіст Рыгор Грык атрымаў ліст з абласной пракуратуры за подпісам намесніка пракурора Брэсцкай вобласці С.К.Хмарука, датычны скаргі, пададзенай Рыгорам Грыкам 18 сакавіка Генеральнаму пракурору на дзеянні намесніка пракурора Брэсцкай вобласці А.Точкі і пракурора горада Баранавічы Більдзейкі А.А., які 28 лістапада 2011 года вынес яму афіцыйнае пісьмовае папярэджанне за ўдзел у мясцовым сходзе 8 кастрычніка. Рыгор Грык не прызнаваў сябе вінаватым і прасіў Генеральнага пракурора адмяніць незаконнае папярэджанне пракурора. Генеральны пракурор накіраваў скаргу Грыка для разгляду ў Брэсцкую абласную пракуратуру. Пракурор Брэсцкай вобласці Хмарук С.К. паведаміў скаржніку, што з матэрыялаў праверкі пракуратуры г.Баранавічы выяўлена, што Рыгор Грык быў удзельнікам Народнага сходу і быў абраны ўпаўнаважаным для перадачы рэзалюцыі мясцовага сходу органам улады. Таму падставаў для таго, каб адклікаць афіцыйнае папярэджанне, лічыць пракурор Брэсцкай вобласці Хмарук С.К., у Рыгора Грыка няма. Пракурор раіць грамадскаму актывісту, калі ён ня згодны з такім рашэннем, абскардзіць яго ў судзе.