viasna on patreon

Валянцін Стэфановіч: “Абсалютна неправавыя, палітычна матываваныя захады стануць законнымі”

2012 2012-04-25T00:50:54+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/valiancin_stefanovich.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Валянцін Стэфановіч

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч

У траўні ўступаюць у сілу змены ў Закон Рэспублікі Беларусь “Аб органах дзяржаўнай бяспекі”, згодна з якімі існаванне неафіцыйнага “спісу невыязных” апазіцыянераў, праваабаронцаў і незалежных журналістаў набывае прававыя падставы. Сваё меркаванне адносна гэтага пытання выказвае намеснік старшыні Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч, якому таксама абмежаваны выезд з Беларусі.

 

- Якімі вам бачацца перспектывы развіцця падзяў вакол так званага “спіса невыязных”?

- Адносна перспектываў сказаць штосці цяжка, бо сітуацыя ў краіне вельмі няпэўная ў звязку і з дыпламатычным крызісам, і крызісам у стасунках з Еўразвязам. І  сказаць адназначна, у які бок яна будзе схіляцца: у бок пагаршэння ці, можа быць, нейкай стабілізацыі і непавелічэння колькасці рэпрэсаваных -- зараз сказаць складана.  Я думаю, што перспектыва “спіса невыязных” цалкам залежыць ад гэтай сітуацыі.

Улады таксама прыклалі намаганні да зменаў заканадаўства, фактычна ўзаконілі практыку абмежаванняў на выезд. Яны дадалі  новыя падставы для такога абмежавання -- калі асоба знаходзіцца  на прафілактычным уліку КДБ. У лістападзе мінулага года гэтыя змены былі прынятыя, у траўні яны ўступаюць у сілу. Такім чынам абсалютна неправавыя, палітычна матываваныя захады стануць законнымі, таму што зараз тыя прычыны, па якіх законапаслухмяных людзей абмежавалі ў выездзе, -- проста смешныя.

- Пакуль вы можаце патрапіць у Еўразвяз праз Расію. А што будзе, калі Расія перастане пускаць праз сваю тэрыторыю?  

- Так, пакуль можна ездзіць праз Расію, і ніякіх праблем не было. Калі яны з’явяцца, мы будзем аспрэчваць такое рашэнне ў самой Расійскай Федэрацыі. Тут у нас ёсць дамоўленасці з нашымі калегамі -- расійскімі праваабаронцамі і адвакатамі. Калі ўсе прававыя  інстанцыі ў Расіі будуць пройдзены беспаспяхова, будзем звяртацца ў Еўрапейскі суд. Расія ўваходзіць у Раду Еўропы і ратыфікавала Еўрапейскую канвенцыю па правах чалавека, прызнае кампетэнцыю Страсбургскага суда, і нават калі я не з’яўляюся грамадзянінам Расійскай Федэрацыі, але Расія парушыла мае правы, якія гарантаваны Еўрапейскай канвенцыяй, то я супраць Расіі маю магчымасць падаваць скаргу ў Страсбург. Калі такое здарыцца -- будзем ствараць прэцэдэнт.

Мы мелі гутарку  таксама з калегамі-праваабаронцамі, у прыватнасці з Валянцінам Гефтэрам, які ўваходзіць у Грамадскую раду пры прэзідэнце Расійскай Федэрацыі, і гэта сітуацыя са “спісам невыязных” даведзена да ведама прэзідэнта Расіі. Таксама ўпаўнаважаны па правах чалавека Расіі Уладзімір Лукін ужо некалькі разоў заяўляў пра гэтую праблему і казаў, што яна будзе знаходзіцца на ягоным кантролі, і што Расія не будзе прадпрымаць захадаў, каб не выпускаць асобаў, якім абмежаваны выезд з Беларусі па палітычных матывах.

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства