“Вясна” адзначае 16-ю гадавіну дзейнасці
16 год таму, пасля брутальных затрыманняў падчас “Чарнобыльскага Шляху”, пачыналася праца групы людзей, якая занялася зборам і распаўсюдам інфармацыі пра затрыманых, а таксама спрабавала аказаць ім матэрыяльную дапамогу. Так узнікла арганізацыя “Вясна-96”, цэнтральным накірункам працы якой стала дапамога ахвярам палітычных рэпрэсій і інфармаванне грамадскасці пра гэтыя рэпрэсіі.
Пра гісторыю стварэння Праваабарончага цэнтра “Вясна” яе заснавальнік і нязменны кіраўнік Алесь Бяляцкі распавядае ў інтэрвью да кнігі “Наша Вясна”:
“Вясна” пачыналася тады, калі цэлую вясну 96-га года ішлі масавыя акцыі, якія адбываліся з розных прычынаў. У красавіку – у сувязі з так званай Саюзнай дамовай з Расіяй, якую Лукашэнка збіраўся заключаць з Ельцыным. Перад гэтым адзначалася 15 сакавіка – Дзень Канстытуцыі, затым 25 сакавіка -- Дзень Волі, калі прайшла вялікая дэманстрацыя па праспекце Незалежнасці да Опернага тэатру і будынку Белтэлерадыёкампаніі на Чырвонай, дзе патрабавалі прамога эфіру, бо тады ўжо былі праблемы з інфармацыяй і яе распаўсюдам. Тады была ўзбуджана крымінальная справа за парушэнне парадку, але яна нічым не скончылася. А 26 красавіка на плошчы Якуба Коласа сабралася 40-50 тысяч чалавек, якія пайшлі затым па праспекце Незалежнасці да цырка і па вуліцы Багдановіча да Палацу спорта, дзе былі праведзены мітынгі. Падчас гэтай дэманстрацыі міліцыя перакрыла дарогу машынамі, былі выстаўлены кардоны АМАПу, і ўсё гэта суправаджалася жорсткімі сутычкамі з людзьмі. У той дзень было арыштавана больш за 200 чалавек, узбуджана чарговая крымінальная справа. У СІЗА апынуліся Юры Хадыка і Вячаслаў Сіўчык як заяўляльнікі акцыі. Востра ўзнікла пытанне тэрміновай дапамогі ў зборы інфармацыі і давядзенні яе да сваякоў затрыманых, бо паніка тады была нават большая, чым мы бачылі ў 2006-м і ў 2010-м гадах падчас падобных масавых арыштаў. Проста тады гэта было ўпершыню. Я хачу падкрэсліць, што да гэтага акцыі, за выключэннем “Дзядоў” 1988 года, у нас фактычна не разганяліся. Так, былі затрыманні, быў нейкі млявы пераслед, але так масава, нахабна і жорстка, як гэта адбылося ў красавіку 96-га года – такога не было. Мне падаецца, менавіта тады Лукашэнка вырашыў жорсткасцю сілавых дзеянняў спыніць масавыя акцыі.
У гэтай сітуацыі ўзнікла група людзей, якая занялася зборам і распаўсюдам інфармацыі, а таксама матэрыяльнай дапамогай: мы шукалі грошы, прадукты харчавання для тых, хто сядзеў па крымінальнай справе і на “сутках”. У прыватнасці, адзін чалавек перадаў нам харчы і мы потым іх раздавалі сем’ям рэпрэсаваных. Гэта было не так шмат, але – чым маглі… Гэтая група працавала прыкладна месяц.
“Закручванне гаек” у той час ішло па розных накірунках. Напачатку красавіка быў затрыманы і сядзеў у СІЗА Славамір Адамовіч. Узнікла патрэба ў дапамозе яму, бо ягоная маці, пенсіянерка, сама не спраўлялася. На адным з мітынгаў мы сабралі пэўную суму грошай і перадалі ёй – на перадачы для Славаміра.
Цэнтральным накірункам нашай працы стала дапамога ахвярам палітычных рэпрэсій і інфармаванне грамадскасці пра гэтыя рэпрэсіі. Усё рабілася на абсалютна добраахвотных пачатках. У той час я працаваў дырэктарам літаратурнага музея Максіма Багдановіча, быў сакратаром Управы БНФ. Улічваючы, што тады Фронт быў асноўнай актыўнай вулічнай сілай, найбольш ахвяраў было якраз сярод сяброў БНФ.
У 97-м годзе да гэтай працы далучыліся некалькі дзяўчат-валанцёрак з ліку супрацоўніц музея – напрыклад, Паліна Сцепаненка. Паступова мы пашыралі сваю працу і пачалі шукаць кантакты ў рэгіёнах, таму што рэпрэсіі разгарнуліся па ўсёй Беларусі. Нам патрэбны былі людзі, гатовыя працаваць у правабарончым накірунку па ўсёй краіне, і на працягу 97-га года мы фактычна адбудавалі рэспубліканскую структуру. 23 лютага 1998 года мы зарэгістравалі “Вясну-96” як мінскую гарадскую арганізацыю і адначасова рыхтавалі дакументы для стварэння нацыянальнай. У 1999 годзе “Вясна” была зарэгістравана як арганізацыя рэспубліканская і ў такім статусе існавала да 2003 года, калі рашэннем Мінюста і Вярхоўнага суда яна была зачынена за ўдзел у назіранні за прэзідэнцкімі выбарамі 2001 года. З тых часоў працуем без рэгістрацыі”.
Сваё 16-годдзе арганізацыя адзначае выхадам кнігі “Наша Вясна” - гэта гісторыя ў асобах. Ініцыятарам выдання з’яўляецца Алесь Бяляцкі.
Як адзначаецца ў прадмове да выдання, “Усё, што не пакладзена на паперу, не зафіксавана – лічы, што яго і не было”, – кажа ён. А на прыкладзе “Вясны” можна адсочваць важныя працэсы найноўшай гісторыі Беларусі: барацьбу за правы чалавека і дэмакратычныя каштоўнасці, супрацьстаянне асобы і аўтарытарызму, станаўленне і развіццё праваабарончага руху. Гэтая кніжка, па меркаванні Бяляцкага, таксама павінна быць адказам на шалёную дыскрэдытацыю праваабаронцаў, разгорнутую праз дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Хто на самой справе гэтыя людзі па сваіх перакананнях, каштоўнасцях і прафесіі, які іх шлях да праваабароны і якой яны бачаць будучыню краіны – гэта таксама можна пабачыць з партрэтных інтэрв'ю, сабраных у гэтым выданні.