Паўлу Севярынцу адмоўлена ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні
Аднаму з фігурантаў крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 года сустаршыні аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Паўлу Севярынцу адмоўлена ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні. Такое рашэнне прыняло 26 красавіка кіраўніцтва спецкамендатуры № 7 у вёсцы Куплін Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці, дзе адбывае пакаранне асуджаны апазіцыянер.
"Учора прайшла атэстацыя, падчас якой вырашалася, хто можа быць
умоўна-датэрмінова вызвалены, — паведаміў БелаПАН Северынец. — Зачыталі
маю характарыстыку — яна была станоўчая. Аднак з-за таго, што я не
прызнаў сваёй віны і не раскаяўся, ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні мне
адмовілі".
Севярынец, які падчас выбараў 2010 года кіраваў выбарчым штабам
кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага, 16 мая мінулага года быў
прыгавораны судом Заводскага раёна Мінска да трох гадоў абмежавання волі
на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і
падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны
ўдзел у іх).
19 красавіка закончылася палова тэрміну пакарання палітыка, у сувязі з чым ён мог быць вызвалены ўмоўна-датэрмінова. Паводле слоў Севярынца, супрацоўнікі спецкамендатуры характарызавалі яго як чалавека, які стаў на шлях "цвёрдага-цвёрдага і вельмі цвёрдага выпраўлення".