“ВЯСНА” запрашае на прэзентацыю двух сваіх выданняў
2 траўня адбудзецца прэзентацыя адразу двух выданняў, падрыхтаваных Праваабарончым цэнтрам “Вясна”: фотаальбома “За права на выбар: Партрэты асуджаных. Плошча-2010” і “Наша Вясна. Гісторыя ў асобах”.
Героі фотаальбома “За права на выбар” - фігуранты крымінальнай справы, узбуджанай пасля акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. Год таму, на травень 2011 года, выдаўся пік “судзілішч” па гэтай справе, а ў выніку ўсяго былі асуджаны 42 чалавекі, некаторыя з якіх працягваюць і сёння ўтрымлівацца ў месцах пазбаўлення волі.
Выданне “Наша Вясна. Гісторыя ў асобах” прысвечана 16-гадовай гісторыі Праваабарончага цэнтра “Вясна” і складаецца з інтэрвью з актывістамі праваабрончай арганізацыі. Сярод іх – апошняе інтэрв’ю на волі нязменнага кіраўніка “Вясны” – Алеся Бяляцкага.
У межах прэзентацыі адбудзеца абмеркаванне сітуацыі з правамі чалавека на сучасным этапе і наяўнасцю палітвязняў у Беларусі.
У імпрэзе возьмуць удзел намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч, жонка палітвязня Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч, кандыдат гістарычных навук, рэдактар незалежнай газеты “Новы час” Аляксей Кароль, сябра Рады ПЦ “Вясна” Тацяна Рэвяка.
Мерапрыемства адбудзецца 2 траўня ў 18-00 у офісе Партыі БНФ па адрасу: Мінск, вул. Чарнышэўскага, 3 (уваход са двара).
Запрашаем усіх зацікаўленых, а асабліва былых палітвязняў і сваякоў тых, каго сёння мы вельмі чакаем на волі. Кожнага наведвальніка чакае падарунак.
Тэлефон для даведак (017) 331-08-44