Cтудэнты і выкладчыкі запрашаюцца да ўдзелу ў маніторынгу парушэнняў акадэмічных свабодаў
У рамках дзейнасці Грамадскага
Балонскага Камітэта пачынаецца маніторынг парушэнняў акадэмічных правоў і
свабодаў, які ажыццяўляецца з мэтай атрымання актуальнай інфармацыі пра сітуацыю
ў ВНУ Беларусі.
У кожным горадзе Беларусі, дзе знаходзяцца ВНУ, плануецца стварыць
абсерваторыі, якія складаюцца з студэнтаў і выкладчыкаў, якія будуць
ажыццяўляць маніторынг выканання акадэмічных свабодаў у сваім ВНУ. Сутнасць
маніторынгу заключаецца ў адсочванні выпадкаў парушэнняў акадэмічных правоў і
свабодаў.
Да ўдзелу ў маніторынгу запрашаюцца ўсе студэнты і выкладчыкі ВНУ Беларусі,
зацікаўленыя ў станаўленні аўтаномных беларускіх універсітэтаў, свабодных ад
парушэнняў акадэмічных, грамадзянскіх і іншых правоў і свабодаў, універсітэтаў,
якія паважаюць і падзяляюць еўрапейскія акадэмічныя каштоўнасці.
Для адабраных удзельнікаў маніторынгу будзе арганізавана навучанне. Таксама ўдзельнікі
маніторынгу атрымаюць магчымасць абменьвацца з еўрапейскімі студэнтамі і
выкладчыкамі ведамі, удзельнічаць у адукацыйных мерапрыемствах і візітах.
Для ўдзелу ў маніторынгу неабходна паведаміць на электронны адрас
monitoring.bk@gmail.com сваю кантактную інфармацыю. Пасля гэтага арганізатары
звяжуцца з кожным заяўніком для далейшага знаёмства.
Удзельнікам маніторынгу гарантуюцца канфідэнцыяльнасць і захаванне персанальнай
інфармацыі. Любая інфармацыя пра удзельнікаў будзе выкарыстоўвацца толькі для
камунікацыі з арганізатарамі маніторынгу і не будзе перадавацца трэцім асобам.
З любымі пытаннямі і прапановамі звяртайцеся на пошту арганізатараў -
monitoring.bk@gmail.com.
***
Грамадскі
Балонскі Камітэт - грамадзянская
ініцыятыва, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі экспертнай супольнасці і
шэрагу грамадскіх арганізацый Беларусі. Мэтай Балонскага Камітэта з'яўляецца
распрацоўка для нашай краіны дарожнай карты інтэграцыі беларускай вышэйшай
адукацыі ў Балонскі працэс.