У калоніі Паўла Сырамолатава пазбавілі выпісаных газет
Павел Сырамолатаў, які адбывае пакаранне ў выглядзе 7 гадоў пазбаўлення волі па справе аб падпале будынку бабруйскага КДБ, увесь красавік не атрымліваў выпісаных газет па месцы адбыцця пакарання – у магілёўскай калоніі №19. Пра гэта даведалася маці зняволенага падчас кароткатэрміновага спаткання з сынам.
Высветліць, чаму Павел Сырамолатаў не атрымлівае газет, маці зняволенага не ўдалося: намесніка начальніка калоніі, які займаецца гэтым пытаннем, не было на працы ў той час, калі адбывалася спатканне.
На працы ў калоніі Павел Сырамолатаў шые спецвопратку. Праца ў розныя змены, нават начныя. Хоць часам працы няма, і зняволеныя проста адседжваюць патрэбныя 8 гадзін.
У Паўла з’явіліся праблемы з зубамі, ён пастаянна ходзіць іх лячыць.
18 траўня 2011 г. Павел Сырамалотаў асуджаны судом Бабруйскага раёну і г.Бабруйска па ч.2 арт.339 КК (злоснае хуліганства) і ч.3 арт.218 КК (пашкоджанне маёмасці ў асабліва буйным памеры) да 7 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Праваабаронцы адзначылі несправядлівую кваліфікацыю ягоных дзеянняў і празмернасць вынесенага пакарання.