viasna on patreon

Спецназаўцы затрымалі гледачоў фільму пра Лукашэнку і зламалі відэакамеру

2012 2012-05-02T10:11:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Арыштаваных на праглядзе фільму “Апошні дыктатар Еўропы” трымалі ў міліцэйскім пастарунку да поўначы. Міліцыянты сфатаграфавалі кожнага з нумарною таблічкаю і ўзялі адбіткі пальцаў.

Імпрэза з праглядам фільму “Апошні дыктатар Еўропы” была прызначаная на 19.30 у прыватным катэджы каля плошчы Бангалор у Менску. На 10-й хвіліне фільму людзі ў масках выламалі дзверы і ўварваліся ў памяшканне. Хлопцаў павалілі тварамі на падлогу, дзяўчатам загадалі стаць да сцяны. Спецназ зрабіў асабісты вобшук прысутных і даставіў у аддзяленне міліцыі Савецкага раёну Менску. Прычынаў нападу ніхто не тлумачыў, ніякіх афіцыйных дакументаў не афармлялі.

Спецназаўцы заўважылі відэакамеру, што здымала хаду імпрэзы. З яе выламалі экран і забралі карту памяці коштам каля $ 700.

“Такога “кіна” я яшчэ не бачыў. Затрыманне было жорсткае – такое ўражанне, што спецназаўцы атрымліваюць асалоду ад гвалту, нібыта тэрарыстаў накрылі. Іх было чалавек восем. Ніхто і не збіраўся тлумачыць, што адбываецца”, – гаворыць аператар Сяргей Краўчук, які меўся зрабіць сюжэт пра імпрэзу.

Дваццаць гледачоў фільму пра Лукашэнку аўтазакам перавезлі ў міліцэйскі пастарунак. У сметніцы спецтранспарту Сяргей Краўчук заўважыў пустую бутэльку з-пад гарэлкі. На думку аператара, цалкам імаверна, што людзі ў масках разгарачыліся перад “заданнем”.

Да дванаццатай ночы людзей трымалі “для высвятлення асобы” ў актавай зале Савецкага РУУСу. Сродкі сувязі ды ўласныя рэчы былі адабраныя. Сярод затрыманых была няпоўнагадовая дзяўчына. Міліцыя ейным бацькам нічога не паведаміла, чым парушыла працэсуальныя патрабаванні закону.

Усе тры гадзіны арыштантаў па адным выводзілі на дактыласкапію і фатаграфаванне з нумарнымі карткамі. Сяргей Краўчук атрымаў нумар 1736. Ён лічыць, што такім чынам ствараецца адмысловая база небяспечных для ўлады асобаў.

У раённым аддзеле міліцыі каментаваць падзею адмаўляюцца і раяць накіроўваць пытанні ў Менскі гарадскі аддзел.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства