Акрамя ўдзелу ў “дабраахвотным” суботніку – яшчэ і па 50000 рублёў сабралі
З работнікаў культуры Магілёўскага раёна пасля ўдзелу ў “добраахвотным” суботніку збіралі дадаткова яшчэ па 50000 рублёў грошай, паведаміў інфармацыйна-грамадскі бюлютэнь Магілёўскага раёна “Справа”. Усяго на працягу красавіка ў Магілёўскім раёне адбыліся тры суботнікі, на якіх супрацоўнікі разнастайных устаноў працавалі на добраўпарадкаванні навакольнага асяроддзя.
Як піша “Справа”, калі раней збор грошай з работнікаў культуры “абстаўляўся словамі “калі ласка” і “па магчымасці”, то зараз робіцца ўсё проста: “Вы абавязаны!”. Узнікае пытанне: “Каму і што мы абавязаны?”. Ці не зашмат у нас пабораў – і латарэйкі па спісу, і прымусовая падпіска на тое, што чытаць немагчыма, і суботнікі вось гэтыя?”…
Заработная плата работнікаў устаноў культуры ў Магілёўскім раёне з’яўляецца адной з самых нізкіх сярод прадстаўнікоў іншых устаноў бюджэтнай сферы.
Пастанова Савета Міністраў РБ ад 2 красавіка 2012 г. № 295 “Аб правядзенні рэспубліканскага суботніка ў 2012 г.” рэкамендавала правесці суботнік на дабраахвотнай аснове. Па словах аднаго з работнікаў культуры Магілёўскага раёна, “слова “добраахвотна” выглядае тут неяк дзікавата, бо мы ведаем, як усё адбываецца на самой справе. І ці скончыцца гэты абсурд?”.