Чарговую адмову ў акрэдытацыі атрымаў журналіст Рацыі
Чарговую адмову ў акрэдытацыі атрымаў гродзенскі журналіст Радыё Рацыя Віктар Парфёненка. Два месяцы таму ён накіраваў чацвёртую ўжо па ліку заяўку на акрэдытацыю ва ўпраўленне інфармацыі Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.
Віктар Парфёненка:
- У мінулым месяцы мне адмовілі даць якую кольвек інфармацыю. Паведамілі, што калегія, якая прымае рашэнні менавіта па сталай акрэдытацыі, адбываецца раз на месяц. І яна не адбылася, прасілі месяц пачакаць. Вось прайшло ўжо два месяцы, тэлефаную і атрымоўваю інфармацыю з прэсслужбы, што паводле 1 і 4 пункту ў Парадку акрэдытацыі мяне не акрэдытоўваюць. Папярэднія тры выпадкі былі вельмі падобныя. Але на гэты раз яны імправізавалі і паставілі іншыя пункты, на падставе чаго я не акрэдытаваны.
Віктар Парфёненка будзе рыхтаваць скаргу і дамагацца выканання сваіх правоў як чалавека і як журналіста. Супрацоўнікі нашага радыё неаднойчы рабілі спробы атрымаць акрэдытацыю ў МЗС, але да гэтага часу безвынікова.