viasna on patreon

На Форуме Свабоды ў Осла абмяркуюць справу Бяляцкага

2012 2012-05-08T19:31:45+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

7-9 траўня ў Осла адбываецца традыцыйны Форум Свабоды. Грамадзкія актывісты, палітычныя лідэры, праваабаронцы і журналісты з усяго сьвету абмяркуюць сытуацыю з правамі чалавека ў аўтарытарных і таталітарных дзяржавах.

Гасьцявая заля гатэлю «Grand Hotel» у цэнтры Осла перапоўненая. Больш чым 100 журналістаў, у тым ліку з Al Jazeera, BBC, CNN, Deutsche Welle, The Economist, Newsweek, TIME, The Wall Street Journal і іншых, вымушаныя стаяць у калідорах. Прэсавая канфэрэнцыя з нагоды адкрыцьця «Форуму Свабоды ў Осла» пачалася з 20-хвілінным спазьненьнем.

Вёў прэсавую канфэрэнцыю Тор Халваршэн з Нарвэгіі, ён жа арганізатар форуму. У сваёй прамове ён патлумачыў, што такія форумы даюць выказацца тым, хто ня можа вольна гаварыць у сваіх дзяржавах:

«Дыктатарскія рэжымы спрабуюць рабіць дзьве рэчы. У першую чаргу, яны спрабуюць зьнішчыць, паставіць пад кантроль грамадзянскую супольнасьць. Па-другое, яны абмяжоўваюць свабоду слова. Грамадзянскую супольнасьць рэжымы рэпрэсуюць праз палітыку, культуру, адукацыю. А cвабоду слова яны душаць, каб ніхто — ні ўнутры, ні звонку — ня ведаў, што адбываецца».

Актывістка за правы жанчын з Савудаўскай Арабіі Маналь Аш-Шарыф, адказваючы на пытаньне журналіста Newsweek пра арабскія рэвалюцыі, што празь іх ісьлямісты прыйшлі да ўлады, адзначыла:

«Дакладна скажу, больш дэмакратыі ў Савудаўскай Арабіі не прывядзе да экстрэмізму ці ісламскага фанатызму».

Актывіст апазыцыі з Экватарыяльнай Гвінеі Туту Алікантэ апрануты ў нацыянальны строй. Ён распавёў пра парушэньні правоў чалавека ў сваёй краіне. Экватарыяльная Гвінея — найбуйнейшы экспартэр нафты ў Афрыцы — знаходзіцца пад жорсткай дыктатурай Тэадору Нгуэмы, які пры ўладзе ад 1979 году, а самому Туту Алікантэ — забаронены ўезд дадому:

«ВВП на душу насельніцтва у Экватарыяльнай Гвінеі такі самы, як у Германіі ці Францыі, аднак 75% жывуць у галечы. Чаму?»

Усама Мунаджыд з Сырыі — адзін зь лідэраў апазыцыі, сябра Пераходнай Нацыянальнай Рады, якую міжнародная супольнасьць прызнала за легітымны ўрад Сырыі ў выгнаньні. На пытаньне журналіста з ЗША ён адзначыў, што ў Сырыі штодня забіваюць 70-100 чалавек, у тым ліку дзяцей:

«Улады ня маюць абсалютна ніякага шчырага жаданьня спыніць зьверствы ў Сырыі. Гэта відавочна.»

Пытаньне беларускай службы Радыё Свабоды гучала такім чынам: «Ці праўда, што сытуацыя з Алесем Бяляцкім ёсьць сьведчаньнем, калі зьяўляюцца бізнэс-інтарэсы, то правы чалавека адыходзяць на другі плян».

Тор Халваршэн адказаў:

«Яшчэ год таму Алесь Бяляцкі сядзеў тут, на гэтым месцы. Браў удзел у канфэрэнцыі... Пасьля быў арыштаваны.»

На месцы, дзе летась сядзеў Бяляцкі, апынуўся старшыня Нарвэскага Хэльсынскага камітэту Б’ёрн Енгасланд:

«Я быў у Беларусі, аднак летась мне адмовілі ва ўезьдзе ў гэтую краіну. Мы актыўна адсочваем сытуацыю зь Бяляцкім. Ня толькі мы, але і бальшыня праваабаронцаў за мяжой. Мы спрабуем зьвярнуць увагу на рэпрэсіі, якія пачаліся пасьля выбараў у сьнежні 2010 году. Нельга сказаць, што ў Нарвэгіі ёсьць нейкія бізнэс-інтарэсы ў Беларусі. Хутчэй няма зацікаўленасьці гэтай краінай.

Вы сказалі, што бізнэс падмяняе сабой правы чалавека. Аднак правы чалавека не павінны быць у супярэчнасьці зь любымі камэрцыйнымі інтарэсамі. Калі вы не абараняеце правы чалавека, калі няма вяршэнства закону, вы сутыкняцеся з карупцыяй, хабарніцтвам. Таму прамоцыя правоў чалавека выгадная для бізнэсу, для камэрцыйных інтарэсаў дзяржавы. І калі дыктатура гэта зразумее, яны вызваліць палітвязьняў»

Заўтра, 9 траўня Б’ёрн Енгасланд зьбіраецца выступіць на Форуме з дакладам пра справу Алеся Бяляцкага.

Форум Свабоды ў Осла сёлета адбываецца пад споклічам «Зь цемры на сьвятло». Ён праводзіцца ад 2009 году ў траўні і прысьвечаны праблемам краінаў, дзе парушаюцца правы чалавека, абмяжоўваецца свабода слова і выказваньняў.

У мінулыя гады Беларусь на форуме прадстаўлялі Жана Літвіна, Алесь Бяляцкі, Аляксандар Казулін.

Сёлета сабраліся дэмакратычныя актывісты, журналісты, праваабаронцы, палітычныя лідэры, блогеры з Экватарыяльнай Гвінеі, Лібіі, Сырыі, Нэпалу, Бірмы, Вэнэсуэлы, Расеі, Эгіпту і іншых.

Адмысловымі гасьцямі форуму стануць вядомыя ў сьвеце людзі, у тым ліку стваральнік Вікіпэдыі Джымі Уэлс, акторка Джулія Oрмaнд, Нобэлеўская ляўрэатка Аун Сан Су Чжы, шахматыст і палітык з Расеі Гары Каспараў.

9 траўня ў межах форуму адбудзецца цырымонія ўганараваньня першай Прэміяй Вацлава Гаўла. Ляўрэаты былі абвешчаныя яшчэ 1 траўня. Імі сталі кітайскі мастак Ай Вэйвэй, змагарка за правы жанчын з Савудаўскай Арабіі Маналь аш-Шарыф лідэрка бірманскай апазыцыі Аун Сан Су Чжы. Прэмія ўяўляе сабой статуэтку і 50 тысячаў эўра.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства