У Баранавічах ушанавалі памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсій
Прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Баранавічаў 9 мая адзначылі Дзень Перамогі ўшанаваннем памяці загінуўшых. Вячаслаў Сухарэбскі, Аляксандр Галькевіч, Віктар Цяпін, Рыгор Грык, Эдуард Карапетаў, Аляксандр Паўлоўскі, Арцём Бабей спачатку ўсклалі кветкі да Вечнага агню ў цэнтры горада. Пасля ўскладання кветак ля сімвала Чырвонай Арміі грамадскія актывісты партый і рухаў накіраваліся да Крыжа сталінскіх ахвяраў (скрыжаванне вуліц Смаленская і Пірагова). Раней тут была турма “Крывое кола”, у якой былі замардаваны тысячы нявінных людзей. Таму тут у 1992 годзе і быў усталяваны Крыж – знак памяці пра ахвяраў бальшавіцкіх рэпрэсій.
– Баранавіцкія сябры і прыхільнікі недзяржаўных партый і арганізацый ўзялі на сябе абавязак даглядаць памятную мясціну ў гэтым скверы. Сёння мы тут не толькі ўсклалі кветкі, але і прыбралі тэрыторыю ад смецця,– паведаміў грамадскі актывіст Рыгор Грык.