viasna on patreon

Толькі Аляксандру Лукашэнка і яго набліжаным дазваляецца парушаць тэхніку бяспекі

2012 2012-05-11T15:13:08+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/luka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь не знайшоў падставаў прыцягнуць да адказнасці службовых асобаў будаўнічых арганізацый за парушэнне тэхнікі бяспекі падчас рэспубліканскага суботніка, які адбыўся 21 красавіка на будоўлі аквапарку ў Мінску.

Нагадаем, што на суботніку прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка разам са сваім малодшым сынам Мікалаем працавалі без касак і выконвалі кладку сценаў. Побач з імі кладку рабіла і біятланістка Дар’я Домрачава. Паводле працоўнага заканадаўства, да кладкі сценаў дапускаюцца толькі мужчыны ва ўзросце ад 18 год, якія маюць спецыяльную адукацыю. Усім астатнім катэгорыям грамадзян рабіць кладку сцен забаронена.

У адказе з Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы за подпісам дырэктара Садоўнічага, які атрымаў магілёўскі муляр Аляксей Паўлоўскі, гаворыцца, што пералічаных асобаў немагчыма прыцягнуць да адказнасці, бо яны не знаходзіліся ў грамадзянска-прававых адносінах з арганізацыяй, якая выконвала працы па будаўніцтву аквапарка.

Такім чынам, апісаныя ў заяве Паўлоўскім факты парушэння заканадаўства падчас суботніка фізічнымі і юрыдычнымі асобамі нібыта не падпадаюць пад дзейнасць Закона Рэспублікі Беларусь “Аб ахове працы”.

Дырэктар Дэпартамента Садоўнічы ў сваім адказе паведамляе, што забеспячэннем бяспекі прэзідэнта і членаў ягонай сям’і мусіць займацца Служба бяспекі прэзідэнта.

Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што ў гэтым выпадку Служба бяспекі мусіла б адстрэльваць на ляту цэглу, якая патэнцыйна магла бы патрапіць на галаву высокапастаўленай асобе, а не спадзявацца на трываласць каскі, якой не было на галаве ў Лукашэнкі.  

”У адпаведнасці з арт.1 Закона “Аб ахове працы” Аляксандр Лукашэнка, ягоны сын і біятланістка Дар’я Домрачава, якія займаліся кладкай сцяны на рэспубліканскім суботніку, трапляюць пад паняцце працуючы. У адпаведнасці з арт.2 гэтага ж Закона ён распаўсюджваецца на ўсіх працуючых грамадзян. Патрабаванні па тэхніцы бяспекі ў адпаведнасці з ч.2 арт.3 Закона “Аб ахове працы”абавязковыя для ўсіх працуючых незалежна ад наяўнасці працоўнай альбо грамадзянска-прававой дамовы”, - гаворыць Барыс Бухель.

“У адпаведнасці з працоўным заканадаўствам, адказныя за адпавяданне тэхнікі бяспекі на будаўнічым аб’екце адказваюць за бяспеку ўсіх працуючых без выключэння і таму былі абавязаны адхіліць Лукашэнку, ягонага сына і Домрачаву ад працы, а ў выпадку іхнай адмовы падаць у адстаўку і такім чынам зняць з сябе адказнасць за магчымая няшчасныя выпадкі”, - працягвае праваабаронца.

“У арт.5 Закона “Аб ахове працы” гаворыцца, што прэзідэнт вызначае адзіную дзяржаўную палітыку ў галіне аховы працы ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і Законам. Гэты Закона таксама прадпісвае ўсім дзяржаўным органам прапаганду і распаўсюд перадавога вопыта ў галіне аховы працы ўсім падуладным ім арганізацыям. Як прэзідэнт прапагандуе тэхніку бяспекі праз СМІ, мы бачым на практыцы.  З яго бяруць прыклады ўсе ніжэйстаячыя чыноўнікі. Дастаткова прыгадаць кіраўніцтва Магілёва на чале са Станіславам Барадаўкам на тым жа рэспубліканскім суботніку, дзе ўсе яны таксама знаходзяцца на будоўлі без спецадзення і касак і не звяртаюць увагі на рабочых, якія працуюць на вышыні без страховак”, - кажа Барыс Бухель.

Трэба адзначыць што яшчэ адна адпіска прыйшла Аляксею Паўлоўскаму з Генеральнай Пракуратуры. У адказе гаворыцца, што апісаныя парушэнні тэхнікі бяспекі ў заяве не ўваходзяць у іх кампетэнцыю.

“Адказ з Пракураты – гэта таксама адпіска, якая прама супярэчыць арт.35 “Пракурорскі нагляд за адпавяданнем заканадаўства аб ахове працы” гэтага ж Закона””, - гаворыць праваабаронца.  

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства