viasna on patreon

Бабруйск: Пікет за свабодныя выбары не дазволілі

2012 2012-05-13T09:55:48+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/ahitacyja_vybary1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Бабруйскім грамадскім актывістам, якія падавалі ў гарвыканкам заявы на правядзенне пікета за свабодныя выбары, прыйшлі адказы з адмовай. Прычыны – традыцыйныя. Напрыклад, чыноўнікам не падабаецца месца, якое заяўнікі просяць для правядзення мерапрыемства. Вялікую пляцоўку з пешаходнай зонай ля цэнтральнага рынка яны лічаць непрыдатнай для правядзення масавага мерапрыемства. І гэта нягледзячы на тое, што менавіта тут падчас выбараў спакойна стаялі і нікаму не перашкаджалі зборшчыкі подпісаў. Таксама на гэтым месцы без праблем размяшчаюцца пляцоўкі ці гандлёвыя шэрагі падчас кірмашоў і фестываляў.

Месца, якое намеснік старшыні гарвыканкама (у нядаўнім мінулым галоўны ідэолаг) Аляксандр Маркачоў прапануе як “пастаяннае для правядзення масавых мерапрыемстваў” – стадыён на вуліцы Урыцкага. Знаходзіцца ён, натуральна, у непрыкметным закутку горада.

“Ваша заява аб правядзенні масавага мерапрыемства ў форме (выглядзе) “пікета” не суадносіцца з артыкулам 2 Закона (аб масавых мерапрыемствах). У асноўных паняццях, што прымяняюцца ў Законе, адсутнічае вызначэнне “пікет”, што не дазваляе дакладна патлумачыць від масавага мерапрыемтсва, заяўленага Вамі”, - дадаў у афіцыйнай паперы чыноўнік. Таксама ён піша, што “Вамі парушаны артыкул 8 Закона, згодна з якім да атрымання дазволу на правядзенне масавага мерапрыемства яго арганізатар, а таксама іншыя асобы не маюць права агучваць у СМІ, Інтэрнэце і іншых інфармацыйных сетках аб даце, месцы і часе яго правядзення, вырабляць і распаўсюджваць з гэтай мэтай улёткі, плакаты і іншыя матэрыялы. Так 5 траўня 2012 года ў 23.06 на сайце “Бабруйскага кур’ера” была размешчаная інфармацыя  http://babruysk.by/news-4061 аб правядзенні ўказанага масавага мерапрыемства”.

Не паленаваліся бабруйскія чыноўнікі і азнаёміцца з працоўным графікам аднаго з заяўнікаў – Валерыя Мікітка: “Па наяўнай інфармацыі Вы па графіку ў гэты дзень працуеце і з прычыны гэтага не зможаце прысутнічаць на масавым мерапрыемстве, чым парушыце першы абзац свайго абавязацельства (пастаянна прысутнічаць на масавым мерапрыемстве)”, - напісаў Аляксандр Маркачоў.

Старшыня мясцовай суполкі АГП Віктар Бузінаеў расказаў, што чыноўнік таксама прыгразіў адказнасцю ў выпадку правядзення несанкцыянаваных мерапрыемстваў.

-Пасля адмовы падалі заяўку на правядзенне пікета на стадыёне, але баімся, што чыноўнікі знойдуць нагоду адмяніць і на “пастаянным для правядзення масавых мерапрыемстваў” месцы, - каментуе афіцыйную паперу Віктар Бузінаеў. – Надвор’е сапсуецца ці яшчэ што. А вось што тычыцца працоўнага графіка Валерыя Мікітка, гэта іх зусім не павінна хваляваць. Зрэшты, чалавек можа ўзяць адгул. А Валерый на гэты конт кажа, што гатовы звольніцца, толькі б пікет абыўся. Тое ж і з публікацыяй у “Бабруйскім кур’еры”, звычайную інфармацыю нашы чыноўнікі здольныя ледзь не ў “заклік” перафарбаваць.  

 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства