У Гомелі адмовілі ў арэндзе залі для паказу фільма пра сталінскія рэпрэсіі
Адміністрацыя гатэля «Турыст» раптоўна «перадумала» і адмовіла грамадскаму актывісту Кастусю Жукоўскаму ў арэндзе канферэнц-залі для правядзення прэзентацыі фільма «Лінія Сталіна – Гомельскі рэгіён».
«Учора я заключыў дамову з «Турыстам» на арэнду канферэнц-залі, заплаціў грошы, і ўсе было добра, адміністрацыя дала згоду. Але сёння раніцай на прэм'еру фільма я запрасіў афіцыйна – праз лісты і электронную скрынку - супрацоўнікаў КДБ, ідэалагічнай вертыкалі і актывістаў БРСМ, каб арганізаваць грамадскую дыскусію аб ролі Сталіна ў беларускай гісторыі. І вось мне патэлефанавалі з гатэля, і паведамілі, што яны адмаўляюцца прадставіць залю ў арэнду, бо ў іх раптоўна пачаўся там рамонт, пра які ўчора не было размовы. І мне прапанавалі забраць дамову і грошы», - пракаментаваў Жукоўскі.
Актывіст лічыць, што “ўлады – спадкаемцы сталінскага рэжыму, яны працягваюць тую лінію рэпрэсій іншадумства, якую распачаў Сталін, хоць не ў такім крыважэрным варыянце. Улады адмаўляюць факт сталінскіх рэпрэсій, але у іх няма аргументаў супраць гэтага, таму яны супраць нават абмеркавання дадзенай тэмы».
Дакументальны фільм «Лінія Сталіна» быў зняты актывістамі кааліцыі «Наша альтэрнатыва». Стужка – гэта паказанні сведкаў сталінскіх рэпрэсій, якія страцілі ў тыя часы сваякоў, родных і сяброў, расповеды пра месцы масавых расстрэлаў грамадзян. Актывісты зладзілі экспедыцыю ў розныя куткі Гомельскай вобласці, каб сабраць цікавы матэрыял.