Зноў затрымалі маладафронтаўцаў
У Менску затрыманыя маладафронтаўцы Ўладзімер Яроменак і Павал Сяргей. Рамана Пратасевіча зьбілі спэцназаўцы міліцыі.
Уладзімер Яроменак даслаў паплечнікам SMS-паведамленьне, што яго вязуць з Фрунзэнскага РУУСа ў турму на Акрэсьціна. Прычыны затрыманьня высьвятляюцца.
У сваёй кватэры затрыманы Павал Сяргей, хаця ніякіх падставаў для гэтага не было, паведаміла актывістка "Маладога фронту" Наста Палажанка.
Яна распавяла, што Павал пасьпеў напісаць, што невядомыя пачалі грукацца ў дзьверы, а пасьля ён перастаў быць дасяжным. Прычыны затрыманьня таксама невядомыя.
Раман Пратасевіч, які ладзіў акцыю "Горад наш!" ля Кастрычніцкай плошчы, быў затрыманы пасьля замацаваньня сьцягу на будынку. Па дарозе ў пастарунак маладафронтаўца моцна зьбілі. Хлопца забраў дахаты бацька апоўначы.
15 траўня маладафронтаўцы Зьміцер Крэмянецкі і Мікола Дземіденка былі асуджаныя на 10 сутак арышту, а Раман Васільеў на 12 сутак за вывешаны бел-чырвона-белы сьцяг у Менску да гадавіны рэфэрэндуму.