viasna on patreon

Жонка ліквідатара-чарнобыльца звярнулася з адкрытым лістом да прэзідэнта Лукашэнкі

2012 2012-05-17T15:09:47+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/list-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

17 траўня мінчанка Кудзян Т.І., жонка ліквідатара-чарнобыльца, звярнулася з адкрытым лістом да прэзідэнта Лукашэнкі. Як законны прадстаўнік свайго мужа, пазбаўленага канстытуцыйнага права на ахову здароўя, яна з 2007 года прайшла мноства чынавенскіх кабінетаў і судовых інстанцый, дзе ўсяляк адхрышчваюцца ад праблем ліквідатара.

 

 

 

АДКРЫТЫ ЛІСТ
Прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку

 

Паважаны Прэзідэнт,

Я, жонка ліквідатара ЧАЭС Кудзяна І.В., звяртаюся да Вас як да гаранта Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкул 45 якой гарантуе кожнаму грамадзяніну права на ахову здароўя. Лічу, што ў дачыненні да майго мужа гэты артыкул Канстытуцыі быў парушаны.

Па прызыву Міністэрства абароны мой муж выконваў службова-баявыя задачы па ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС у 30-кіламетровай зоне з 10. 06.1986 г. па 14.11.1986 г., атрымаў дозу радыеактыўнага апраменьвання ў 5800 млр., што пацвярджаецца архіўнай даведкай № 36/6- 173 ад 31.10.2006г. МУС РБ.

Цяпер мой муж мае велізарныя праблемы са здароўем, з'яўляючыся інвалідам, з якімі застаецца адзін на адзін. Больш за 20 гадоў ён штогод праходзіў медыцынскае абследаванне як ліквідатар-чарнобылец, але ніхто з лекараў 22-й паліклінікі г. Мінска, у якой ён абслугоўваецца, не прыслухоўваўся да яго скаргащ на стан здароўя, сцвярджаючы, што ён здаровы. У 2005 г. Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтрам «Кардыялогія» быў устаноўлены дыягназ: парок сэрца. У 2006 годзе, пасля аперацыі на сэрцы, паўстала пытанне аб сувязі захворвання з ліквідацыяй наступстваў на ЧАЭС, якое рэгулюецца ў адпаведнасці з загадам № 105 ад 06.04.1999 г. Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, дзе ўказаны "Пералік захворванняў, узнікненне якіх можа быць звязана з наступствамі катастрофы на ЧАЭС ". Рэспубліканскім міжведамасным экспертным саветам Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь неаднаразова праводзілася экспертыза матэрыялаў справы майго мужа. І экспертным заключэннем ад 11.01.2008 г. было ўстаноўлена, што захворванне (парок сэрца) прывяло майго мужа да інваліднасці, і развілося яно ў дзіцячым узросце, да аварыі на ЧАЭС, і не можа быць звязана з наступствамі на ЧАЭС. Сувязь захворванняў з наступствам на ЧАЭС устанаўліваецца ў ліквідатараў, якія захварэлі пасля прызыву на ЧАЭС.

У сувязі з гэтым паўсталі наступныя пытанні. Па-першае, чаму мой муж з парокам сэрца быў прызваны Міністэрствам абароны на зборы на ЧАЭС (у адпаведнасці з «Пералікам медыцынскіх супрацьпаказанняў да праходжання вайсковай службы ва ўмовах павышанай радыяцыйнай рызыкі на тэрыторыях, якія падвергліся радыеактыўнаму забруджванню на ЧАЭС» людзям з дыягназам «парок сэрца» гэта проціпаказана)? Па-другое, чаму на працягу столькіх гадоў лекары не прыслухоўваліся да яго скаргаў, сцвярджаючы, што ён здаровы? І тут трэба адзначыць, што для заключэння экспертнага савета згодна з загадам № 105 ад 06.04.1999 г. Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, дзе ўказаны "Пералік захворванняў, ўзнікненне якіх можа быць звязана з наступствамі катастрофы на ЧАЭС", у пункце 6.2 указана: неабходна падрабязная выпіска з амбулаторнай карты пацярпелага аб стане здароўя ў да- і пасляаварыйны перыяд. Такім чынам, у амбулаторнай карце была нейкая інфармацыя, якая дазволіла вынесці экспертнае заключэнне. Выклікае падазрэнне і тое, што 22-ая гарадская паліклініка адмаўлялася даць амбулаторную карту з запісамі за перыяд з 1988-га па 2005-ы год для судова-медыцынскай экспертызы.

Як законны прадстаўнік свайго мужа з гэтымі пытаннямі я неаднаразова звярталася ў Міністэрства аховы здароўя - асабіста да міністра Жарко В. І. і да намесніка міністра Шаўчука У.Я. (Ён жа з'яўляецца Старшынёй Рэспубліканскага міжведамаснага экспертнага савета Міністэрства аховы здароўя). Міністэрства аховы здароўя адказвае, што майго мужа прызвала на зборы на ЧАЭС Міністэрства абароны, таму ўсе пытанні да гэтага міністэрства. На ўсе мае наступныя звароты ў Міністэрства аховы здароўя і Мінабароны я атрымліваю адзін і той жа адказ: звяртайцеся ў суд.

Суд Заводскага раёна г. Мінска на працягу трох гадоў (2008 - 2011 гг.) зацягваў разгляд іскавай заявы да 22-ай гарадской паліклінікі (аб кампенсацыі шкоды, прычыненай здароўю), але ўсё ж па нашай настойлівай просьбе была прызначана судова-медыцынская экспертыза, перад якой было пастаўлена пытанне аб тым, ці ў поўным аб'ёме праводзіліся медыцынскія абследаванні майго мужа ў 22-ай гарадской паліклініцы г. Мінска ў перыяд з 1988 года па цяперашні час. Але ў заключэнні экспертызы мы не атрымалі поўнага адказу на пастаўленае пытанне. У выніку суд Заводскага раёна г. Мінска вынес рашэнне аб адмове ў задавальненні нашых іскавых патрабаванняў да 22-ай гарадской паліклінікі. Далей судом Заводскага раёна нам таксама было адмоўлена ў задавальненні касацыйнай скаргі, а Мінскі гарадскі суд прыняў рашэнне аб адмове ў выніку разгляду нагляднай скаргі. Звароты ў Вярхоўны суд таксама не далі ніякіх вынікаў. Суд Цэнтральнага раёна г. Мінска таксама адмовіў у задавальненні іскавых патрабаванняў да Мінабароны, і судовая калегія па грамадзянскіх справах Мінскага гарадскога суда падтрымала гэтае рашэнне.

Такім чынам, кола канчаткова замкнулася. Чалавек, які некалі на шкоду свайму здароўю рабіў усё, што ад яго патрабавала дзяржава, а цяпер бездапаможны перад сваімі праблемамі, стаў абузай для дзяржавы. Хоць менавіта дзякуючы такім людзям, як мой муж, якія выконвалі свой грамадзянскі абавязак, не хаваючыся ні за чые спіны, мы зараз жывем. Дзяржаўныя чыноўнікі і суды ўсяляк адхрышчваюцца ад іх.

Выступаючы ў сродках масавай інфармацыі, Вы, Аляксандр Рыгоравіч, заўсёды заяўляеце: "Мы ніколі не парушым свой прынцып - клопат пра чалавека!" "Суддзя залежыць толькі ад аднаго - артыкула закона. Ён не мае права на іншае".

У той жа час суддзя Заводскага раёна г. Мінска Зямцоў А.А., які вёў нашу грамадзянскую справу ў 2008 - 2011 гг., неаднаразова казаў мне, што ніхто з прадстаўнікоў органаў правасуддзя і чыноўнікаў не будзе сур'ёзна займацца гэтай справай, бо ніхто не хоча браць на сябе адказнасць. Хоць, з яго ж слоў, рашэннем гэтага пытання павінны займацца Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства абароны.

Дык адкажыце, калі ласка: што трэба зрабіць чалавеку, які трапіў у бяду, каб дастукацца да прадстаўнікоў дзяржавы з просьбай пра дапамогу?

Каб не быць галаслоўнай, ніжэй я пералічу тыя структуры і іх прадстаўнікоў, да якіх я безвынікова звярталася з 2007 года па цяперашні час:

1. Прэм'ер-міністр РБ Касінец А.М. (2007)
2. Міністр аховы здароўя Жарко В.І., намеснік міністра аховы здароўя Шаўчук В.Я. (2007-2011)
3. Генеральны пракурор Васілевіч Р.А. (2008, 2011)
4. Міністр абароны Мальцаў Л.С. (2009)
5. Намеснік прэм'ер-міністра Патупчык У.М. (2009)
6. Савет Міністраў (2009)
7. Міністр абароны Жадобін Ю.В. (2010)
8. Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта РБ Макей У.У. (2010, 2011)
9. На адрас 4-га Усебеларускага Сходу (2010)
10. Камітэт дзяржкантролю (2011)
11. Старшыня Мінгарвыканкама Ладуцька М.А. (2011)


Пасля столькіх зваротаў я шчыра спадзяюся, што Вы як Прэзідэнт прымеце да ўвагі маю просьбу!

З павагай,
Кудзян Т.І. 

 17 траўня 2012

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства