Больш за траціну салігорцаў скрайне адмоўна ставяцца да гомасексуалаў
Да такіх высноваў прыйшлі салігорскія прадстаўнікі Беларускага Хельсінскага Камітэту пасля правядзення адмысловага апытання сярод мясцовых карыстальнікаў сацыяльнай сеткі УКантакце у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй.
На момант напісання матэрыялу каля 34% удзельнікаў галасавання на пытанне “Як вы паставіцеся да гомасексуала ў коле вашых сяброў, знаёмых, калегаў?” адказалі, што паставіліся б скрайне адмоўна. Нейтральна да гэткага факту паставілася б каля 35% апытаных, а 12% ацанілі б гэты факт як станоўчы. Не змаглі даць выразнага адказу на дадзенае пытанне каля 19% апытаных.
Найбольшую ўвагу праваабаронцы звяртаюць на даволі значную розніцу ў адказах на дадзенае пытанне паміж жанчынамі і мужчынамі. Калі нейтральнае стаўленне да гомасексуала ў коле сваіх сяброў, знаёмых ці калегаў абодва палы выказалі прыкладна на адным узроўні, каля 35%, дык варыянты катэгарычных адказаў мелі большую палярызацыю. Так сярод жанчын скрайне адмоўна да гомасексуала ў сваім блізкім асяродку паставілася б каля 26%, а ў мужчынскім працэнт гамафобаў склаў лічбу 39. І наадварот толькі 8% мужчын ацанілі б факт наяўнасці сярод сяброў гомасексуала як станоўчы, у той час як сярод жанчын станоўчую адзнаку дадзенаму факту дала б каля 18%. Акрамя таго, неабходна адзначыць больш вызначаную пазіцыю па дадзеным пытанні сярод мужчын, з якіх толькі 15% не змаглі даць адказу на дадзенае пытанне. Сярод жанчын жа колькасць тых, што не змаглі вызначыцца, склала каля 24%.
Мясцовыя прадстаўнікі БХК адзначаюць, што яны не запытваліся аб стаўленні салігорцаў да нейкіх актыўных дзеянняў з боку актывістаў ЛГБТ-супольнасці кшталту гей-прайдаў, але ж толькі аб стаўленні да людзей гомасексуальнай арыентацыі. Атрыманыя вынікі праваабаронцы лічуць несуцяшальнымі, але адпаведнымі ўзроўню свабоды і інфармаванасці ў беларускім грамадстве.
Нагадаем, што Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй адзначаецца 17 мая ў сувязі з тым, што 17 мая 1990 года Сусветнай арганізацыяй аховы здароўя гомасексуальнасць была выключана з Міжнароднай класіфікацыі хваробаў.