Па-сапраўднаму змагацца з карупцыяй дзяржава не жадае
Узровень карупцыі ў Беларусі за час кіравання Лукашэнкі
вырас да маштабаў, якія пагражаюць нацыянальнай бяспецы краіны. Такую выснову
робіць сябра экспертнай групы міжнароднай антыкарупцыйнай сеткі Transparency
International юрыст Галіна Дрэбезава (на фота). Аднак чыноўнікі, у тым ліку вышэйшае
кіраўніцтва краіны, у лепшым выпадку аддаюць перавагу таму, каб гэтую праблему
не заўважаць, у горшым - актыўна супрацьстаяць любым спробам змяніць сітуацыю.
Галіна Дрэбезава адзначае, што ў апублікаваным на днях рэйтынгу міжнароднай
арганізацыі Transparency International Беларусь, заняўшы 155 месца з 163
дзяржаў свету, увайшла ў дзесятку краін з самымі спрыяльнымі ўмовамі для
развіцця карупцыі. Адбываецца гэта, ў тым ліку і таму, што адсутнічае
празрыстасць і адкрытасць у працы органаў кіравання.
Праблема не толькі Беларусі, але і ўсіх постсавецкіх краін у тым, што ўровень
распаўсюджвання карупцыі тут атаясамляюць з колькасцю узбуджаных крымінальных
спраў або пасаджаных у турму хабарнікаў. Але гэта, з пункту гледжання міжнароднай
ацэнкі, не ёсць асноўны крытэрый: галоўнае не ў тым, колькі злавілі
карупцыянераў, а ў тым, каб выкараніць ўмовы, якія спрыяюць развіццю карупцыі.
У выніку ў краіне зацверджана дзяржаўная праграма па барацьбе з карупцыяй, але
шмат якія палажэнні не працуюць і ніхто не нясе адказнасці.
Яскравым прыкладам з’яўляецца і стаўленне да згаданай праблемы з боку кіраўнікоў навучальных устаноў. “Калі мы хацелі правесці сустрэчу ў Брэсцкім дзржаўным універсітэце і распавесці студэнтам пра гэтыя пытанні, кіраўніцтва БрДУ адказала, што ў нашай краіне карупцыі няма і такая тэма наогул неактуальная”, - заўважае Галіна Дрэбезава. Таму праблема карупцыі, таксама як і ўвогуле праваабарончая тэматыка, за апошнія гады проста замоўчваецца на дзяржаўным узроўні.