Вайна супраць “Маладога фронту”
Актывісты зарэгістраванай у Чэхіі арганізацыі “Малады фронт” толькі за адзін няпоўны год былі асуджаныя да адміністратыўных арыштаў на 350 сутак. Гэта абсалютны рэкорд, усталяваны беларускімі ўладамі.
Актывістка арганізацыі Кася Галіцкая перакананая, што такім брутальным чынам улады Беларусі намагаюцца дабіць адну з самых актыўных моладзевых арганізацый. Выкарыстаньне практыкі прэвентыўных арыштаў і затрыманьняў пасьля паспяховых акцый – помста сілавікоў “маладафронтаўцам” за іх “партызанскую вайну”.
Пад час прэсавай канферэнцыі, якую правялі актывісты “Маладога фронту” 21 траўня, было абвешчана аб пачатку двухтыднёвай кампаніі салідарнасьці з адміністратыўна затрыманымі сябрамі арганізацыі, сярод якіх Мікалай Дземідзенка, Раман Васільеў, Павал Сяргей, Уладзімір Яроменак, Зміцер Крэмянецкі. У межах абвешчанай кампаніі “Малады фронт” плануе звяртацца ва ўсе магчымыя міжнародныя структуры і інстытуты, а таксама ў моладзевыя еўрапейскія арганізацыі з заклікам данесьці праблему татальнага перасьледу “Маладога фронту” да ўрадаў сваіх краінаў.
“Мы ўсе звыкліся да “сутак” і лічым іх звычайнай, ардынарнай справай. Калі раней адміністратыўна арыштаваных удзельнікаў акцый і актывістаў арганізацыі сустракалі пасьля арышту дзесяткі людзей, то зараз гэта толькі блізкія і сябры. Такім павярхоўным стаўленнем да арыштаў мы самі дазваляем гэтаму жаху працягвацца”, - заявіла Кася Галіцкая.
Арганізатары прэсавай канферэнцыі заклікалі падтрымаць актывістаў “Маладога фронту” якія выйдуць наволю:
Паўла Сяргея – 21 траўня ў 21 гадзіну;
Уладзіміра Яроменку – 23 траўня ў 15-30;
Мікалая Дземідзенку і Змітра Крэмянецкага – 24 траўня ў 15-30;
Рамана Васільева – 26 траўня ў 15-30.