У Салігорску праваабаронцы залікаюць улады не займацца прафанацыяй
На мінулых выходных у Салігорску адбыўся шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да Сусветнага дня памяці людзей, памерлых ад СНІДу. Пад эгідай гарадскіх уладаў на Цэнтральнай плошчы з гэтай нагоды нават адбыўся флэшмоб, удзельнікі якога запалілі 168 свечак у памяць аб памерлых ВІЧ-інфіцыраваных салігорцах.
Але ўвагу салігорскіх праваабаронцаў да дадзенай падзеі прыцягнуў не спрытна перахоплены выканкамаўскімі ідэолагамі моладзевы флэшмоб-фармат акцыяў салідарнасці, якія шмат гадоў запар ладзілі мясцовыя маладафронтаўцы і за што затрымліваліся міліцыяй ды атырмлілвалі штрафы і суткі. Дзіўна было інаше - пачуць з вуснаў гарадскіх прапагандыстаў заклікі «разам прасоўваць здароўе і годнасць, а гэта значыць, забяспечваць усіх маючых патрэбу людзей, якія жывуць з ВІЧ, лячэннем, доглядам, падтрымкай і паважаць іх правы!”
На годнасці і павазе правоў ВІЧ-інфіцыраваных хацелася б спыніцца асобна. На жаль, дыскрымінацыя ў кантэксце ВІЧ/СНІДу з'яўляецца адной з галоўных перашкодаў для прафілактыкі і лячэння ВІЧ-інфекцыі. У сувязі са сталым павелічнэннем распаўсюджаннасці ВІЧ у Салігорску ўсё большая колькасць жыхароў гораду штодня сутыкаецца з праблемамі, выкліканымі парушэннем правоў чалавека ў кантэксце ВІЧ/СНІДу. Найбольш актуальнымі з’яўляюцца праблема бытавой стыгматызацыі ды дыскрымінацыі на працоўным месцы.
Мясцовыя
праваабаронцы нагадваюць, што прытрымліваючыся прынцыпаў прадастаўлення годнай
працы і павагі да правоў чалавека і годнасці людзей, інфікаваных ВІЧ ці
пацярпелых ад ВІЧ/СНІДу, не павінна быць ніякай дыскрымінацыі ў адносінах да
работнікаў у сувязі з сапраўднай або прыпісваемай наяўнасцю ВІЧ-інфекцыі.
Дыскрымінацыя і стыгматызацыі людзей, якія жывуць з ВІЧ/СНІДам, перашкаджае
рэалізацыі захадаў па прафілактыцы ВІЧ/СНІДу.
Таксама праваабаронцы заклікаюць улады не займацца прафанацыяй і не браць на сябе функцыі грамадскасці. Чыноўнікі мусяць вырашаць праблемы, а не ўздымаць іх пасродкам правядзення грмадскіх акцый ды флэшмобаў.