У Гародні забаронены пікеты ў падтрымку “польскай” школы
Гэтым разам заяўкі на чатыры пікеты падавалі жыхары Гародні, якія дамагаліся захавання моўнага рэжыму ў школе № 36. Гэтую школу гараджане называюць “польскай”, паколькі навучанне ў ёй вялося на польскай мове. Зараз бацькі навучэнцаў школы занепакоіліся тым, што адміністрацыя Ленінскага раёну Гародні вырашыла адчыніць у школе рускамоўныя класы, і паспрабавалі пратэставаць на пікетах.
Аднак улады гораду адмовілі ім у гэтым праве, патлумачыўшы адмову тым, што заяўнікі не ўзгаднілі правядзенне пікетаў з міліцыяй і іншымі службамі. Таму некаторыя жыхары гораду занепакоеныя тым, што польскамоўную школу можа напаткаць лёс беларускамоўных.
У 1990-х гадах у Гародні палова школаў былі беларускамоўнымі. У сярэдзіне 90-х паўстала і першая польскамоўная. Але зараз у горадзе над Нёманам няма аніводнай беларускамоўнай школы. У польскамоўнай жа плануецца ўвесці класы нават не з беларускамоўным навучаннем, а менавіта з рускім.