«Жыве Беларусь» у Канах
У францускім горадзе Каны адбываецца 65-ы штогадовы Канскі кінафэстываль. Сярод сотняў фільмаў ёсьць фільмы, зробленыя беларусамі альбо пра Беларусь.
Кінастужка «Жыве Беларусь» польскага рэжысэра Кшыштафа Лукашэвіча пабудаваная на рэальных падзеях. Яна апавядае пра змаганьне беларускае моладзі супраць дыктатуры. Гэта першы фільм па-беларуску, прэзэнтаваны на такога ўзроўні фэстывалях. У фільме зьняліся рэпэр Вінсэнт, акторы Дзяніс Тарасенка, Алесь Малчанаў, Раман Падаляка, Анатоль Кот, шоўмэн Аляксандар Памідораў, польская акторка Караліна Грушка.
Фільм здымаўся ў Польшчы Дзяржаўнай кінастудыяй за грошы Міністэрства культуры Польшчы, Польскага інстытуту кінамастацтва і францускага Canal +.
Сярод беларускіх патронаў фільму, каму значыцца падзяка ў тытрах, - Алесь Бяляцкі. Большасьць актораў - беларусы.
На Канскім кінафэстывалі фільм быў паказаны двойчы ў межах кінакірмашу. 22 траўня, а 13 гадзіне ў кіно «Riviera 4», а таксама 23 траўня аб 11:30 у «Palais B».