Праваабаронца папрасіў міліцыю забяспечыць права на распаўсюд інфармацыі
Праваабаронца, актывіст кампаніі «Наш Дом» Мікалай Петрушэнка накіраваў ліст начальніку УУС Віцебскага аблвыканкама Аляксандру Найдзенка, у якім патрабуе растлумачыць прычыны канфіскацыі друкаванай прадукцыі ў журналісткі «Віцебскага кур'ера» Юліі Канаплёвай.
У лісце ён паведамляе пра свій намер правесці ў сябе дома абмеркаванне кнігі, восем асобнікаў якой канфіскавалі аршанскія міліцыянты.
"Кіруючыся Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, якая гарантуе мне права на распаўсюд інфармацыі, я маю намер па адрасе свайго пражывання, у належачым мне на правах прыватнай уласнасці доме, правесці абмеркаванне кнігі «Пол палітыкі». Мне вядома, што ў ёй утрымліваюцца артыкулы некалькіх аўтараў па праблемах гендэрнай палітыкі", - піша Петрушэнка.
У сваім лісце ён таксама паведамляе, што мае намер выехаць у Смаленск, купіць там тры асобніка кнігі «Пол палітыкі» і прывезці яе дадому ў пасёлак Коханава на аўтамабілі пад кіраваннем Юліі Канаплёвай. Таксама аб падрабязных дэталях маршруту дастаўкі трох кніг праінфармаванае кіраўніцтва міліцыі Талачынскага і Аршанскага раёнаў.
У лісце праваабаронца задаецца пытаннем пра тое, якія дадатковыя меры трэба распачаць, каб спакойна перавезці кнігі праз тэрыторыю Аршанскага раёна.