viasna on patreon

У Слоніме будуць судзіць сябра БХД Вольгу Пансевіч

2012 2012-06-02T08:21:39+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zatrymanne.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У аўторак, 5 чэрвеня, а 10-й гадзіне ў Слонімскім раённым судзе адбудзецца  судовы працэс  па справе слонімскага сябра БХД Вольгі Пансевіч, інспіраваны супраць яе міліцыянтамі пасля затрымання жанчыны.

Карэспандэнт “Газеты Слонімскай” Мікола Канановіч правёў раследаванне па гэтаму факту. Вось што яму расказала Вольга Пансевіч:

—21 красавіка на вуліцы Хлюпіна ў Слоніме прыкладна ў 19:30 да мяне падышлі супрацоўнікі патрульна-паставой службы і прапанавалі паехаць з імі ў аддзел. Я адмовілася. Тады яны сілай мяне скруцілі і запіхнулі ў машыну, пры гэтым наносілі ўдары рукамі і нагамі, надзелі кайданкі і завезлі ў аддзел. Там змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання. У ізалятары трымалі трое сутак, збівалі, ставілі ў позу “ластаўка”.  Я сказала, што буду абскарджваць такія дзеянні міліцыі.

—А за што вас затрымалі, як міліцыянеры тлумачылі свае дзеянні?

—Сёлета ў студзені мяне затрымлівала міліцыя за пераход вуліцы не ў тым месцы. Але я ў хуткім часе пасля гэтага з’ехала ў Маскву. Знайсці і прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці міліцыя тады мяне не змагла. Вярнулася я з Масквы ў канцы сакавіка, калі ўжо выйшаў тэрмін даўніны па тым правапарушэнні. Магчыма, міліцыянеры ўзялі мяне пад увагу, каб пакараць па-іншаму. Калі я выйшла з ізалятара, зняла пабоі, якія мне нанеслі ў міліцыі, і напісала скаргу ў пракуратуру. Пракурор маю скаргу перанакіраваў у мясцовы аддзел Следчага камітэта. Але там складу злачынства ў дзеяннях міліцыі не знайшлі. Тады пракуратура накіравала скаргу на такое рашэнне ў аддзел следчай бяспекі. Чакаем вынікаў адтуль. А 30 мая да мяне прыехалі супрацоўнікі міліцыі, завезлі мяне ў аддзел і паказалі два пратаколы, складзеныя на мяне: за непадпарадкаванне міліцыі і за нецэнзурную лаянку. Я іх не падпісала. Тады яны завезлі мяне ў суд. Суддзя Іван Ластоўскі спытаў, што мне патрэбна для абароны.  Я сказала, што трэба мой абаронца ў судзе і патрэбна выклікаць сведак. Разгляд маёй адміністрацыйнай справы прызначылі на 10 гадзін 5 чэрвеня.

Суддзя Слонімскага раённага суда Іван Ластоўскі пацвердзіў журналісту “Газеты Слонімскай”, што адміністрацыйную справу Вольгі Пансевіч ён будзе разглядаць 5 чэрвеня, але сказаць штосьці па сутнасці высунутых міліцыяй абвінавачванняў на адрас адказчыцы адмовіўся.

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства