viasna on patreon

У вёсцы Прыпернае пратэстуюць супраць зносу клуба і біліятэкі

2012 2012-06-04T15:35:57+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/klub-bibliateka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Вяскоўцы абураныя рашэннем Глыбоцкіх раённых уладаў знесці драўляны будынак, дзе месцяцца клуб і бібліятэка. Людзі нагадалі кіраўніку ідэалагічнага аддзелу райвыканкама Міхаілу Чарапкоўскаму, што ў сваёй перадвыбарчай праграме, балатуючыся ў райсавет, ён абяцаў адваротнае – адрамантаваць будынак.

У Прыперным жыве больш за 200 чалавек, тут шмат моладзі, бо вёска месціцца ўсяго за пару кіламетраў ад самога Глыбокага. Тым не менш, некалькі гадоў таму тут зачынілі школу, а цяпер дайшла чарга да бібліятэкі і клубу. Прычым ліквідаваць іх збіраюцца ў Год кнігі, абвешчаны на агульнадзяржаўным узроўні, ды яшчэ падчас буйнамаштабнай падрыхтоўкі да Дня беларускага пісьменства, які селета пройдзе ў Глыбокім.

"Мне патэлефанвалі мясцовыя жыхары, папрасілі прыехаць, каб неяк дапамагчы, -- распавядае рэдактар і выдавец недзяржаўнай газеты "Вольнае Глыбокае" Уладзімір Скрабатун. – Я паехаў. Людзі сабраліся каля будынка, калі яго ўжо пачалі разбіраць. Чаму разбіраць? Тая частка, дзе бібліятэка, увогуле ў добрым стане. Тую, дзе клуб, можна было б адрамантаваць".

Менавіта пра абяцаны рамонт нагадалі жыхары Прыпернага кіраўніку ідэалагічнага аддзелу Міхаілу Чарапкоўскаму: знайшлі плакат з яго перадвыбарчай праграмай. Аднак ён заявіў вяскоўцам,  што ў краіне зносяць шмат старых будынкаў, бо няма грошай на рамонты. А праблему з бібліятэкай прапанаваў вырашыць з дапамогай "бібліобуса" – вазіць кніжкі ў спецыяльным аўтобусе з бібліятэкарам, некалькі разоў на месяц. Або такая альтэрнатыва: хадзіць за 3 кіламетры ў вёску Шунеўцы, там бібліятэка дзейнічае…

Жыхары Прыпернага запатрабавалі, каб ім паказалі дакументы пра неабходнасць зносу – будынак пачалі зносіць без афіцыйных падставаў. Міхаіл Чарапкоўскі паехаў па дакументы, і вяскоўцы мяркуюць, што іх складуць незаконна: камісія па абследванні будынка ў вёсцы пабывала ў суботу, у нядзелю быў выходны, а ў панядзелак ранкам ўжо быў пачаўся знос – і папераў на яго ў раённага кіраўніка на руках не было.

 

 

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства