У Брэсце з’явіліся ўлёткі, якія нагадваюць пра выбары
4 чэрвеня актывісты моладзевага крыла Аб’яднанай
грамадзянскай партыі “Маладыя дэмакраты” распаўсюдзілі ў Брэсце ўлёткі,
прысвечаныя выбарам у Палату прадстаўнікоў РБ, якія маюць адбыцца восенню гэтага
года.
Улёткі ўтрымлівалі наступны тэкст: “Мы верым у НЛА, вампіраў, дзеда Мароза і
выбары 2012”,
а таксама партрэт Бураціна – казачнага персанажа, які часта сутыкаўся з
падманам. Гэтай акцыяй ініцыятары спрабавалі нагадаць жыхарам Брэста, што ўлады
іх чарговы раз падманваюць, калі кажуць, што выбары пройдуць дэмакратычна.
Такім чынам моладзь АГП адрэагавала на нядаяўнія заявы старшыні Цэнтрвыбаркама
Лідзіі Ярмошынай, якая распавяла, што “ў камісіі на гэтых выбарах пройдуць
нармальныя, добрыя, годныя людзі, якія сябе добра зарэкамендавалі падчас
апошніх выбараў” і “у мяне не паднімецца рука загадаць хоць камусьці ўключыць у
склад камісій чалавека, які піў кроў выбарчай камісіі на папярэдніх выбарах”.
Як лічыць старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі АГП Уладзімір Вуек, пасля такіх слоў Ярмошынай становіцца відавочным, што ў Беларусі рыхтуецца чарговы выбарчы фарс. “Я мушу нагадаць, што па выніках кампаніі “За справядлівыя выбары – 2010” у Брэсце на тых участках, дзе знаходзіліся нашы назіральнікі, у большасці выпадкаў былі выяўлены шматлікія парушэнні, - кажа Вуек. – Выбарчыя камісіі тады не дапускалі назіральнікаў да падліку галасоў і адмаўляліся паведамляць дадзеныя пра колькасць выбаршчыкаў на ўчастку і тых, хто галасаваў датэрмінова. Пасля заўвагі і заявы ад незалежных назіральнікаў ў выбаркамах не разглядаліся і вынікі галасавання з парушэннямі закона зацвярджалі менавіта гэтыя “нармальныя, добрыя, годныя людзі”, як іх зараз называе Лідзія Ярмошына”.