Мікола Аўтуховіч чакае спаткання з маці і не спадзяецца на амністыю
Актывіст Руху “За свабоду” з Гарадка Леанід Гаравы лістуецца з усімі беларускімі палітвязнямі. Атрымаўшы ліст з гарадзенскай турмы ад Мікалая Аўтуховіча, вырашыў распавесці чытачам сайту "Вясны", пра што піша вязень, над чым разважае і на што спадзяецца.
"На пачатку дасланага ліста Мікалай Аўтуховіч паведамляе, што хутка павінен мець кароткае спатканне з матуляй. Ён піша: “Мы не бачыліся ўжо больш за сорак месяцаў. Таму цяпер жыву толькі спатканнем. Астатняе ўсё дробязі”. Таксама ў лісце Аўтуховіч абгрунтоўвае сваё меркаванне наконт гульні з магчымай амністыяй для палітвязняў. Па-першае, гэта немагчыма, бо ўсім палітвязням “зроблены” парушэнні і яны не могуць трапіць пад амністыю. Па-другое, гаворка пра амністыю з’яўляецца лухтой і прыдуманай гульнёй для еўрапейцаў. “Нельга верыць чалавеку, які ужо сто разоў падманваў, які не адказвае за свае словы”, -- так піша вязень.І, па-трэцяе, еўрапейцы павінны гэта разумець і не наступаць у чарговы раз на граблі. Мікалай Аўтуховіч адзначае, што высновы з існуючай сітуацыі павінен рабіць кожны, хто імкнецца ажыццявіць свае мары. Асабіста ён гэта зразумеў яшчэ у 2004 годзе і таму не выходзіць зараз на свабоду", -- апавеў Леанід Гаравы.
Гарадоцкі актывіст лічыць неабходным, каб праваабаронцы і незалежныя СМІ увесь час нагадвалі беларускім грамадзянам пра тых, хто цяпер за кратамі за сваю палітычную пазіцыю. Таму Леанід Гаравы і вырашыў распавесці, пра што Мікалай Аўтуховіч піша ў сваіх лістах. У апошнім з іх, атрыманым гарадоцкім актывістам, есць такія словы: “Час ляціць. Усё бліжэй і бліжэй свабода і для мяне і для ўсіх. Усё калісьці сканчаецца! Дыктатары таксама не вечныя!.. Жыве Беларусь!”