Бабруйск: Чарговае паседжанне па справе прафсаюзнага лідэра адбудзецца 8 чэрвеня
5 чэрвеня ў Бабруйску адбылося судовае паседжанне па справе Міхаіла Кавалькова -- лідэра пярвічкі Свабоднага прафсаюза Беларускага на заводзе ТДіА, які судзіцца за права мець вольны доступ на тэрыторыю прадпрыемства.
Міхаіл Кавалькоў меркаваў, што сённяшняе паседжанне будзе апошнім, але суддзя Тамара Карпоўская прызначыла яшчэ адно.
– Сёння першы раз суддзя задаволіла маё хадатайніцтва, - адзначыў прафсаюзны лідэр.
З боку адказчыка прысутнічалі галоўны ідэолаг БЗ ТДіА Пётр Слабадчук, юрысконсульт Генадзь Дзеравянка і начальнік юрыдычнага аддзела Андрэй Валатковіч.
Міхаіл Кавалькоў папрасіў працягнуць разгляд яго справы і хадатайнічаў аб азнаямленні з “Палажэннем аб прапускным і ўнутрыаб’ектным рэжыме БЗ ТДіА”, якое ў яго было з сабой. Прадстаўнікі завода заявілі, што маюць такое ж Палажэнне, якое адрознае па сэнсу, але заверанае пячаткай. Кавалькоў сказаў, што гэты дакумент зроблены спецыяльна пад яго.
У сярэдзіне працэса суддзя раптам пацікавілася, кім з’яўляюцца людзі, што прысутнічаюць ў яе кабінеце, яе пытанне падтрымалі і прадстаўнікі ТДіА. Незалежныя журналісты і калегі Кавалькова нагадалі, што працэс адкрыты, і яны маюць права прысутнічаць на ім проста ў якасці грамадзян Беларусі. Таксама Тамара Карпоўская звярнула ўвагу на дыктафон у руках рэдактара “Бабруйскага кур’ера” Анатоля Санаценкі, але ён спаслаўся на заканадаўства, якое дазваляе карыстацца сродкамі аўдыёзапісу на судовых паседжаннях.
Напрыканцы паседжання прафсаюзны лідэр хадатайнічаў, каб прадстаўнікі завода прадаставілі суддзі для азнаямлення Журнал выдачы аднаразовых прапускоў. Ён кажа, што толькі ён адзін атрымлівае падобныя прапускі, а тыя ж прадстаўнікі афіцыйнага прафсаюза не сутыкаюцца з такой праблемай, бо маюць пастаянныя. Суддзя задавольвае хадатайніцтва.
Тамара Карпоўская папрасіла Кавалькова запрасіць на наступнае паседжанне сведак, каторыя карыстаюцца прадастаўленым ім “Палажэннем аб прапускным і ўнутрыаб’ектным рэжыме БЗ ТДіА”.
Наступнае паседжанне па справе лідэра СПБ адбудзецца 8 чэрвеня.